Уладзімір Макей: Нам трэба развіваць адносіны з Еўрасаюзам і ЗША
“Трэба нешта рабіць… Еўропа ў адрознінне ад ЗША заяўляе, што пастаўкі зброі Украіне могуць спрыяць эскалацыі канфлікта на усходзе Украіны”, — паведаміў Уладзімір Макей.
Кіраўнік беларускага МЗС таксама расказаў, што афіцыйны Мінск зрабіў шэраг прапановаў па ўрэгуляванні канфлікту як Маскве, так і Кіеву.
Уладзімір Макей таксама пракаментаваў магчымасць пераменаў у беларуска-еўрапейскіх адносінах. На яго думку, Еўрасаюз сам змяняе стаўленне да афіцыйнага Мінска: “Мы не перажываем цяпер кардынальных зменаў у адносінах… Але гэта важна, што еўрапейцы пачалі паступова разумець і лепш успрымаць нюансы ў адносінах з Беларуссю… Цяпер мы будзем актывізоўваць дыялог з Еўрасаюзам, з ЗША. Ужо ёсць шэраг станоўчых праяваў”.
Уладзімір Макей адзначыў, што Беларусь разглядае магчымасць удзелу ў наступным саміце “Усходняга партнёрства”, аднак жадае, каб “гэта быў раўнапраўны удзел, на раўнапраўных умовах”. Па словах кіраўніка Міністэрства замежных спраў, пакуль невядома, хто паедзе на саміт ад Беларусі. Гэта будзе вырашаць асабіста кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.
Напрыканцы інтэрв’ю Уладзімір Макей пракаментаваў гучныя заявы кіраўніка дыпламатычнай місіі Беларусі ў Вашынгтоне Паўла Шыдлоўскага. Паводле Уладзіміра Макея, пераарыентацыі на Захад не будзе, аднак варта чакаць дыверсіфікацыі адносінаў з Захадам.
“Ніякай пераарыентацыі не будзе… Аднак мы павінны прызнаць шчыра, што на нейкім этапе мы больш арыентаваліся на Усход. Зараз трэба дыверсіфікаваць працу на іншых накірунках”, — заявіў Уладзімір Макей.
Фота tut.by