Навіны

Мельянцоў: «Эўропа лічыць эканамічныя санкцыі контрпрадуктыўнымі»

У Брусэлі прайшла экспэртная канфэрэнцыя пад назвай «Трансфармаваньне Беларусі: шляхі дасягненьня». Экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў, распавядаючы пра ўражаньні ад канфэрэнцыі, адзначае агульны пэсымізм, што да бліжэйшай пэрспэктывы.

Гэта была не канфэрэнцыя, а хутчэй экспэртнае мерапрыемства, усяго на дзьве панэлі, на некалькі гадзін. І разглядаліся два пытаньні: новая эканамічная сытуацыя ў Беларусі ў сувязі з падпісаньнем дамоўленасьцяў з Расеяй і агульная геапалітычная пэрспэктыва, пытаньне, ці знаходзіцца Беларусь паміж Эўрапейскім Зьвязам і Эўразійскім саюзам, ці сытуацыя выбару ўжо пройдзеная. Напэўна, агульным месцам канфэрэнцыі можна назваць пэсымізм адносна бліжэйшай пэрспэктывы, выглядае, што Беларусь на некалькі гадоў пагразла ў гэтым праекце Эўразійскага саюзу, і Лукашэнка зноў патрапіў у вельмі добры датацыйны трэнд, у якім ён знаходзіўся і раней.

Другі момант — гэта тое, што паколькі Эўразьвяз працягвае страчваць рычагі свайго ўплыву на Беларусь, то галоўным для Брусэлю зараз застаюцца спробы трансфармаваць беларускае грамадзтва і працаваць на карысьць пераменаў не на высокім палітычным узроўні, а праз уплыў на сьвядомасьць беларусаў, разьвіваючы розныя праекты абменаў, вырашаючы праблему візаў і г.д. Камісар Фюле падкрэсьліў гэтую немагчымасьць Эўразьвязу паўплываць на Беларусь. Зь яго вуснаў гучала новая рыторыка, што ЭЗ мусіць пашыраць свой уплыў на беларускае грамадзтва і весьці вайну за розумы, душы і сэрцы беларусаў, а ня толькі перацягнуць беларускі рэжым на эўрапейскі бок ці наагул зьмяніць палітычную сытуацыю ў краіне.

На мінулым тыдні з вуснаў эўракамісара Фюле гучала абяцаньне, што на гэтым тыдні ён прадставіць новае бачаньне, новую канцэпцыю эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. Тое, што вы пералічылі — гэта і ёсьць вехі гэтай новай палітыкі?

Выглядае, што так. Насамрэч мы былі крыху расчараваныя. Сапраўды, загадзя было абвешчана, што камісар агучыць новы падыход да Беларусі, але на жаль мы зь яго выступу не пачулі нічога кардынальна новага, такога, што б не было агучана, прагаворана эўрапейскімі палітыкамі да гэтага. Трошку была разьвітая частка пра магчымасьці Эўразьвязу ўплываць на беларускае грамадзтва, пра тыя новыя ініцыятывы, якія былі разгорнутыя ў межах ЭЗ пры дапамозе грамадзянскай супольнасьці, і супрацы з рознымі сэктарамі беларускага грамадзтва. Але ўсё роўна гэта ня нешта новае. То бок, кардынальна падыходы ў палітыцы ЭЗ не зьмяняюцца, зьмяняюцца акцэнты і, магчыма, інструмэнты.

Ці абмяркоўвалася трансэўрапейскае супрацоўніцтва адносна Беларусі, роля ЗША?

Не. Мабыць, таму, што канфэрэнцыя была досыць камэрная, і пытаньні засяроджваліся толькі на ЭЗ і Амэрыка засталася па-за дужкамі. Каця ў кулюарах абмяркоўваліся апошнія заявы і Гілары Клінтан, і Дэйвіда Крэймэра.

Пэўны час таму група амэрыканскіх палітолягаў выступіла з канцэптам жорсткай лініі адносна Беларусі: санкцыі. Гэтая канцэпцыя — не прадмет дыскусіі ў Эўропе?

Пытаньне каардынацыі палітыкі — прадмет дыскусіі, і эўрапейцы падкрэсьліваюць, што іх палітыка ўзаемазьвязаная з амэрыканскай. Але ў экспэртным асяродзьдзі гэтыя два падыходы разводзяцца. На аналітычных канфэрэнцыях гэтыя падыходы разглядаюць асобна, і сыходзяцца, што каардынацыя гэтая даволі слабая. На гэтай канфэрэнцыі лейтматывам было тое, што санкцыі — яны контрпрадуктыўныя, калі казаць пра магчымасьць трансфармацыі палітычнай сыстэмы ў Беларусі, паколькі яны выштурхоўваюць Беларусь далей да Расеі і не прыводзяць да зьменаў унутры Беларусі. На канфэрэнцыі быў прыняты кансэнсус: што для ЭЗ санкцыі — ня выбар, іх не абмяркоўваюць, яны наўрад ці будуць уведзеныя. І падпісаньне дамоваў з Расеяй яскрава паказала, да чаго прыводзяць санкцыі, і эўрапейцы зрабілі з гэтага выснову. Амэрыканцы — не. Тут былі розныя экспэрты, і яны прыйшлі да высновы, што для ЭЗ такой опцыі, як пашырэньне эканамічных санкцыяў, няма. Магчыма, яна ёсьць для амэрыканцаў.

Экспэртная канфэрэнцыя «Трансфармаваньне Беларусі: шляхі дасягненьня», арганізаваная супольнымі намаганьнямі навуковага цэнтру «Карнэгі Эўропа», «Офісу за дэмакратычную Беларусь» і Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS).