Мікалай Статкевіч абмежаваны ў доступе да інфармацыі з волі
Палітвязень Мікалай Статкевіч, адзіны з кандыдатаў у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, якія застаецца за кратамі, даслаў ліст бялыніцкаму журналісту Барысу Вырвічу, які той атрымаў 13 лютага.
Ліст быў напісаны Мікалаем Статкевічам у Шклоўскай ПК-17 7 лютага.
Палітвязень распавёў пра ўмовы свайго ўтрымання ў шклоўскай калоніі. Палітвязень піша, што тут ён зараз апынуўся абмежаваны ў доступе да інфармацыі з волі, “бо тут крыху заблыталі з падпіскай. У выніку з сярэдзіны студзеня і ў лютым апынуўся без газет, за выключэннем “Новага часу”. Ды і той прыносяць не ўсе нумары і са спазненнем ледзь не на тыдзень. Яшчэ з крыніцаў інфармацыі ў атрадзе ёсць адзіны тэлевізар, які дазваляецца глядзець раніцай і ўвечары. Праўда, занадта часта забіраць у маіх калег магчымасць паглядзець DVD-серыялы ці музыку …, каб паслухаць навіны, сумлення не хапае. Бо радасцяў у іх і так небагата. Але ж за асноўнымі падзеямі сачу.
Тут працаваць на прамзону мяне не пусцілі – кажуць, каб не атрымаў траўму. Увесь час у атрадзе і пад пастаянным наглядам. Выходжу толькі строем у сталовую ды прыбіраць снег (таксама пад наглядам). Снегам прыходзіцца займацца шмат, ды і ў астатні час сядзець не даюць. Як я разумею, разлік на мой “пашпартны” узрост і псіхічны стан пасля 3-х гадоў камеры. Але ж пасля камеры кідаць снег на свежым паветры – вялікае задавальненне. І ніхто не дачакаецца, каб я кінуў той шуфель і даў магчымасць усё зрабіць, што ім трэба “па законе”. Прыйдзецца рабіць, як раней. Карацей, тут пакуль што ўсё ідзе па алгарытму 2011 г. Вось толькі ўсё гэта ўжо было і таму не ўражвае”.
Па словах Барыса Вырвіча, з ліста бачна, што Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў добрым псіхалагічным настроі, не зважаючы на пасілены кантроль з боку адміністрацыі шклоўскай калоніі. Палітвязень трымаецца вельмі мужна і выказвае ўпэўненасць, “што ўсё будзе добра”.
Мікалай Статкевіч таксама выказаў спадзяванне на тое, што яго “калегі па апазіцыі” аб’яднаюцца хоць нейкім чынам вакол ідэі аб яго вылучэнні ў якасці адзінага кандыдата. У прыватнасці, Мікалай Віктаравіч піша “… спадзяюся, што ініцыятыўная група будзе адна, і калегі па апазіцыі аб’яднаюцца хоць такім чынам. Дзеля гэтага я і даў згоду на гэты план, бо проста “піяр” мне нецікавы. Ды і сітуацыю маю гэта не палепшыць, калі не наадварот. Але дзеля аб’яднання я патрываю. Тым болей, што сілаў у мяне вытрываць усё хопіць. Нягледзечы на пашпартны ўзрост”.
Нагадаем, што Мікалай Статкевіч быў узяты пад варту пасля Плошчы ў Мінску 19 снежня 2010 года. У траўні 2011 года быў асуджаны судом Ленінскага раёна г. Мінска да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і узброеным супрацівам прадстаўнікам улады).