«Галоўная хіба беларускага войска — што яно зусім не беларускае», — Алесь Кутасаў
Алесь Кутасаў служыў у беларускім войску на пачатку 2000-х гадоў, навучаўся вайсковай справе ў вядомых Печах пад Барысавам, потым служыў у Менску. Моцным бокам беларускага войска Алесь лічыць дысцыпліну і падрыхтаванасьць вайскоўцаў. А вось галоўную хібу Алесь Кутасаў бачыць у недакладнасьці патрыятычнага выхаваньня.
«Сказаў бы, што галоўная хіба беларускага войска — гэта тое, што яно насамрэч не беларускае. Бо выхоўваюць там гэтак, як быццам мы абавязаныя абараняць Расею, а ня ў выпадку яе агрэсіі ваяваць зь ёю. А калі ваяваць — дык гэта значыць ваяваць з краінамі НАТО. Тэхніка на ўзбраеньні старая, гадоў за 30–40, і таму баяздольнасьць сярэдняя. Ёсьць, вядома, часьці, якія трымаюць на добрым узроўні, але большая частка беларускага войска — гэта так: прызавуць, пляц пападмятаюць жаўнерыкі — вось і ўся іх падрыхтоўка. Некаторыя мае знаёмыя распавядалі, што за ўсю службу адзін раз стралялі, перад прысягай. Я калі служыў, дык мы па два разы на месяц хадзілі на стрэльбішча. Але галоўная хіба — гэта ідэалягічная, што не беларускае войска. Бо ў выпадку падзеяў кшталту тых, з чым сутыкнулася Ўкраіна, нас чакае невядома што. Жаўнеры, зразумела, будуць рабіць гэтак, як ім загадаюць афіцэры, а вось што вырашаць афіцэры — вялікае пытаньне. Вядома, там ня ўсе прарасейскія, ёсьць і беларускія патрыёты, але яны там у меншасьці. Бо, як і ва ўсяго беларускага грамадзтва, у вайскоўцаў тая ж бяда — гэта абалваньваньне праз расейскае тэлебачаньне, яны збольшага пад уплывам гэтага „рускага сьвету“. А ў войску як? Што табе загадае камандзір, тое ты і мусіш выканаць. Таму я сумняюся, што мы пры такіх падзеях патрапім абараніцца, у нас будзе горш, чым тое, што ўва Ўкраіне».
Былы падпалкоўнік баявой авіяцыі Аляксандар Камароўскі баяздольнасьць цяперашняга беларускага войска ацэньвае «дастаткова высока». Аляксандар Камароўскі, які ваяваў у Аўганістане, адзначае такія якасьці вайскоўцаў-беларусаў, як высокі адукацыйны ўзровень, дысцыпліна, узаемадапамога, самаадданасьць. Падпалкоўнік у адстаўцы Камароўскі прызнае, што зброя і тэхніка беларускага войска — састарэлых узораў, але і тут бачыць плюс — у тым, што «затое ёй добра валодаюць рэзэрвісты, якіх можна прызваць шмат». Сапраўды слабым месцам войска Аляксандар Камароўскі лічыць малыя заробкі афіцэраў, іх сацыяльныя праблемы. Але баявы дух, на ягоны погляд, высокі.
Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што беларускае войска аб’яднанае патрыятычным духам і захавала лепшыя традыцыі былога савецкага войска, і гэта ягоны моцны бок. Але ў гэтым Аляксандар Алесін бачыць і недахоп.
Але заўсёды трэба зыходзіць з таго, якую вайну нам давядзецца весьці. Калі гэта будзе сапраўды вайна 21 стагодзьдзя, дыстанцыйная, зь бесьпілётнікамі, крылатымі ракетамі, гіпэргукавымі ракетамі ды іншай сучаснай зброяй, то, вядома, тут мы ня ў лепшым стане і будзем досыць бездапаможныя. Але што да лякальных канфліктаў, якія мы бачым на Блізкім Усходзе, ва Ўкраіне, то ў такім канфлікце наша войска пакажа сябе цалкам прыстойна. Бо ў нас ёсьць і мабільныя сілы, і агульная якасьць узбраеньня падтрымліваецца нават вышэйшая, чым у нашых суседзяў».