Актуальна

Андрэй Бастунец: З'явіўся механізм, які мае відавочна рэпрэсіўны характар

Сайты будуць блакаваць за дзень, а аднаўляць доступ да іх месяцамі.

Намеснік старшыні РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец пракаментаваў прэс-службе арганізацыі «Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў, размешчаных у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт», якое было зацверджанае Пастановай ААЦ і Мінсувязі 19 лютага.

– Асноўныя палажэнні гэтай пастановы можна было «пралічыць» загадзя, паколькі і ў прэзідэнцкім дэкрэце №6 («Аб неадкладных мерах у супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў»), і ў законе «Аб СМІ» ужо змяшчалася большасць палажэнняў, механізм якіх цяпер распрацаваны, – мяркуе Андрэй Бастунец.

– З пастановы вынікае, што доступ да сайтаў з «чорных спісаў» будзе зачынены – да іх будзе мець доступ толькі пэўная колькасць асоб.

Па-другое, любыя дзяржаўныя органы змогуць унесці свой уклад у фармаванне гэтых спісаў. Ім досыць паказаць Мінінфармацыі на рэсурсы, якія, на іх думку, парушаюць заканадаўства.

Трэцяе і самае важнае – гэты працэс цалкам вынесены ў пазасудовую сферу і аддадзены ў рукі дзяржаўным органам і Мінінфармацыі. Парадак судовага абскарджання такіх пастаноў не прадугледжаны. І ёсць асобнае палажэнне, што блакавацца могуць нават ананімайзэры. Але гэта, зноў-такі, было чакана.

Юрыст адзначае, што пад блакаванне могуць трапіць не толькі сайты, але і блогі. Пералік рэсурсаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне дакумента, вельмі шырокі.

– З\’явіўся механізм, які мае відавочна рэпрэсіўны характар і які ніяк не суадносіцца з прынцыпам свабоды выказвання меркавання. Да таго ж, гэты механізм далі ў рукі органам, што не паважаюць гэтыя базавыя прынцыпы. Цяпер стала ясна, што ніякіх магчымасцяў абскарджання прынятых імі пастаноў фактычна няма, акрамя звароту ў тыя самыя органы.

Андрэй Бастунец падкрэслівае, наколькі адрозніваюцца тэрміны прыняцця пастаноў аб абмежаванні доступу да сайтаў і ягонага скасавання:

– Там, дзе гаворка ідзе аб абмежаванні, фігуруе трохдзённы тэрмін ці нават 24-гадзінны (такі час адводзіцца правайдэру на блакаванне доступу да сайта). А там, дзе ідзе гаворка пра аднаўленне доступу (у адпаведнасці з законам «Аб СМІ» пасля «выпраўлення памылак»), Міністэрства інфармацыі мае цэлы месяц на разгляд звароту. Гэта вельмі яскрава дэманструе падыход да рэгулявання гэтага пытання.

Хартыя\’97