Майра Мора: адносіны зь Беларусьсю не палепшыліся
Адносіны Эўрапейскага Зьвязу зь Беларусьсю пачалі нармалізавацца, але не паляпшацца, заявіла кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора ў інтэрвію агенцтву LETA.
На пытаньне пра намер Латвіі падчас яе старшынёўства ў ЭЗ дамагчыся прагрэсу ў адносінах паміж ЭЗ і Беларусьсю Мора адказала, што з 2012 году, калі афіцыйны Менск папрасіў яе пакінуць краіну, намеціўся прагрэс, але паляпшэньняў пакуль няма.
«Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі мы вернемся да нармальных кантактаў, ліквідаваўшы апошнія перашкоды ў нашых адносінах. Беларусь распачала некаторыя крокі, але яны вельмі малыя», — сказала яна.
Гаворачы пра цяперашнія праблемы, якія перашкаджаюць паляпшэньню ўзаемаадносін, пасол заклікала «ня бегчы паперадзе падзеяў» і адзначыла, што нельга чакаць радыкальных і хуткіх зьменаў ва ўсёй постсавецкай прасторы, якое засталося за межамі ЭЗ.
Мора адзначыла, што ў Беларусі вызвалена частка палітвязьняў, акрамя таго, краіна актыўна супрацоўнічае з Радай Эўропы па пытаньні аб адмене сьмяротнага пакараньня.
«Далей за дыскусіі мы пакуль не прасунуліся, але гэта ўжо крок у правільным напрамку», — сказала яна.
Мора дадала, што найважнейшая праблема — наяўнасьць палітвязьняў у Беларусі, таму што ля межаў ЭЗ гэта непрымальна.
У 2011 годзе Майра Мора ўзначаліла прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.
Мора працавала амбасадарам Латвіі ў Беларусі з канца 2004 па 2010 год.
28 лютага 2012 году афіцыйны Менск у адказ на чарговае пашырэньне санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі адклікаў для кансультацыяў свайго амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры Эўразьвязе. Амбасадару Польшчы ў Беларусі Лешаку Шарэпку і кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры было прапанавана выехаць зь Беларусі ў свае сталіцы «для кансультацыяў». На знак салідарнасьці ўсе амбасадары краінаў Эўразьвязу былі адкліканыя зь Менску для кансультацыяў у свае краіны. Асноўнае патрабаваньне эўрапейскага боку да Беларусі — вызваленьне палітвязьняў.
14 красавіка з турмы вызвалілі былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. А на наступны дзень — чальца ягонай каманды Зьмітра Бандарэнку.
Пасьля гэтага амбасадары вярнуліся, у тым ліку і кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора.