Навіны

Умоўнае пакараньне можа стаць рэальным

Мікола Статкевіч амаль месяц ня мае магчымасьці тэлефанаваць свайму бацьку. Умоўна асуджаныя Уладзімер Някляеў і Наста Палажанка атрымалі па тры папярэджаньні, тэарэтычна ім пагражае рэальнае адбыцьцё пакараньня

Іна Студзінская Радыё Свабода
Ірына Халіп дагэтуль не атрымала ад Андрэя Саньнікава, якога перавялі ў калёнію «Віцьба-3», ніводнага ліста. Затое з Генэральнай пракуратуры прыйшоў адказ на яе заяву з просьбай завесьці крымінальную справу на кіраўніцтва калёній, якое не дапускала да Андрэя Саньнікава адвакатаў. У адказе паведамляецца, што скарга накіраваная ў пракуратуры Магілёўскай і Віцебскай абласьцей. Ірына Халіп распавяла:

«Адначасова можам патлумачыць, што дастатковых дадзеных для правядзеньня праверкі да артыкулу 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, няма. Дарэчы, гэты артыкул акурат прадугледжвае ўзбуджэньне крымінальнай справы па зваротах грамадзянаў. Карацей, зноў пайшло замкнёнае кола: зараз скаргу накіруюць у Магілёў і Віцебск, тыя спусьцяць начальнікам калёніі і турмы, тыя адкажуць, што ўсё зрабілі па законе, як і трэба было чакаць».

85-гадовы бацька Міколы Статкевіча Віктар Паўлавіч распавёў пра ліст ад сына, які адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі. Дарэчы, гэты ліст — адзіны за апошнія два месяцы:

«Пра сябе ён нічога не пісаў: „У мяне ўсё нармальна, і ўсё“. Напіша пра сябе — дык не прапусьцяць ліст… Пытаецца пра мяне, дае парады. Званкоў не было ўжо больш за 3 тыдні, апошні раз сын тэлефанаваў 21 лістапада. Наступнае тэлефанаваньне па раскладзе павінна быць 28-га лістапада, але званка не было. Ужо ня ведаю, за што і трымацца…»

Маці Эдуарда Лобава спадарыня Марына кажа, што лістоў ад сына таксама даўно не было:

«На мінулым тыдні было тэлефанаваньне, Эдуард кажа, што ў яго ўсё нармальна. Ён чакае мяне на кароткатэрміновае спатканьне 21 сьнежня. Павязу 30-кіляграмовую перадачу яму».

Уладзімер Някляеў і Наста Палажанка, асуджаныя адпаведна на два і адзін год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня, атрымалі па трэцяму, апошняму папярэджаньню.

Тэарэтычна, органы, што кантралююць выкананьне прысуду, могуць зьвярнуцца ў суд: маўляў, асуджаныя ня хочуць, так бы мовіць, стаць на шлях выпраўленьня, і таму ім трэба замяніць умоўнае пакараньне на рэальнае. Юрыст Беларускага Хэльсінскага камітэту Гары Паганяйла тлумачыць:

«І суд можа вынесьці рашэньне аб адбыцьці імі пакараньня ў месцах пазбаўленьня волі. То бок перавесьці ўмоўнае пакараньне ў рэальнае. Гэта прадугледжана заканадаўствам, і цалкам магчымае такое разьвіцьцё падзеяў».

Прычым, пры такім разьвіцьці падзеяў асуджаным умоўна давядзецца адбываць пакараньне цалкам, тлумачыць Гары Паганяйла.

«Адбытым лічыцца ўмоўнае пакараньне, калі цалкам праходзіць тэрмін, вызначаны прысудам. Калі асуджаны дапускае парушэньні, ён прыцягваецца да адбыцьця рэальнага на той тэрмін, да якога яго прыгаварыў суд».