Кухня TV: Еўрапейскі дыялог і беларускія палітвязні (+ відэа)
Чарговы выпуск праваабарончага відэапраекта прысвечаны інтэнсіфікацыі стасункаў паміж афіцыйным Мінскам і ЕС, а таксама магчымым уплывам знешнепалітычнага дыялогу на ўнутрыпалітычную сітуацыю і становішча з правамі чалавека. У абмеркаванні ўдзельнічаюць кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і старшыня Міжнароднага кансорцыюму “ЕўраБеларусь” Улад Вялічка.
26 лютага Ленінскім райсудом Магілёва да дадатковага году зняволення быў асуджаны палітвязень Мікалай Дзядок. Гэта адбылося на фоне візітаў у Беларусь высокапастаўленых еўрапейскіх прадстаўнікоў Андрэа Рыгоні, Сандры Калніеце і Хельгі Шмід. Афіцыйны Мінск дэманструе зацікаўленасць у развіцці канструктыўных адносін з Саветам Еўропы. Упершыню за шмат гадоў беларускія ўлады атрымалі афіцыйнае запрашэнне на саміт “Усходняга партнёрства”, які адбудзецца 22 траўня ў Рызе.
Ці паўплываюць гэтыя палітычныя працэсы на беларускае грамадства, на сітуацыю з правамі чалавека і наяўнасць палітвязняў?