«Цяпер зразумела, чаму ты часта плачаш, як дзяўчынка. Ты ж 8 сакавіка нарадзіўся!»
Карэспандэнт «Салідарнасці» прыгадаў, як у яго асяродку змянялася стаўленне да міжнароднага дня жанчын на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.
Першы яркі ўспамін з дзяцінства, звязаны са святкаваннем 8 сакавіка, у мяне захаваўся з першых класаў школы. Дагэтуль я толькі назіраў, як дарослыя адзначалі гэты дзень. І вось прыйшла чарга стаць непасрэдным удзельнікам. Мая першая настаўніца дапамагла класу зрабіць віншавальныя паштоўкі для нашых мамаў. Перш чым адпусціць нас дамоў, яна дала незвычайнае заданне: не толькі падарыць паштоўку, але і пацалаваць маму са словамі «я цябе люблю».
Тое заданне я не выканаў. Дакладней, зрабіў толькі частку з таго, пра што казала настаўніца. З самага пачатку ўсё пайшло не так. Я цэлы дзень хадзіў сам не свой, не адважваючыся на такі просты на першы погляд учынак. Цяпер ужо цяжка сказаць, што было прычынай маёй нерашучасці, магчыма я пачаў саромецца адкрыта дэманстраваць свае пачуцці да мамы. Значна пазней я адчуў абсурднасць самой ідэі віншаваць родных і каханых раз на год паводле календара. Той выпадак дагэтуль сядзіць стрэмкай у маёй памяці.
***
Школьнікамі перад 8-м сакавіка мы з братам бегалі ў суседнія Карэлічы на кірмаш па кветкі. Аднойчы кветак мы не набылі. Гэта быў пачатак 1990-х, час пустых паліцаў. Ісці дамоў без кветак не хацелася.
Па дарозе вырашылі з братам нарэзаць галінак вярбы з «коцікамі». Дома знайшлі стужку, упрыгожылі.
Шкада, але я слаба памятаю рэакцыю мамы на той букет, але з таго часу ў нас з’явілася традыцыя дарыць на 8 сакавіка менавіта гэтыя кветкі.
***
У дзяцінстве ў мяне быў сябар з тых, пра каго кажуць, што ў яго вочы на мокрым месцы. Ён плакаў часта і, як здавалася, не без задавальнення. Неяк мы даведаліся пра яго дзень нараджэння. З таго часу любімай забаўкай было нагадаць яму: «Цяпер зразумела, чаму ты часта плачаш, як дзяўчынка. Ты ж 8 сакавіка нарадзіўся! Баба!!!»
Тады яшчэ мала хто чуў пра фемінізм, таму такія жарты падаваліся не толькі бяскрыўднымі, але і бяспечнымі. Не было на нас Розы і Клары…
***
Паштоўка Лявона Вольскага, серыя «Святы, якія заўжды з табой»
Калі я вучыўся ў тэхнікуме, рэгулярнае чытанне незалежнай прэсы, памножанае на юначы максімалізм, зрабілі сваю справу: я пачаў ігнараваць савецкія святы. У тым ліку і «Дзень Клары Цэткін», як мы з сябрамі пачалі называць 8 сакавіка.
Гэта быў час, калі кароткі перыяд пераасэнсавання савецкай спадчыны скончыўся рэваншам новай улады: рэферэндумы вярнулі абноўленую дзяржсімволіку і былыя святы. Бацька ізноў пачаў прыносіць са школы паштоўкі з мілітарысцкімі віншаваннямі, а дарыць кветкі маме мы і не пераставалі: у сям’і было пяць мужчынаў, а яна — адна. Штопраўда, цяпер мы віншавалі яе са святам вясны.
***
Ва ўніверсітэце мне давялося прыгадаць школьныя гады. Неяк стараста сабраў хлопцаў разам і сказаў, што дзяўчаты рыхтуюць нам падарункі да 23 лютага. Адпаведна, мы мусім загадзя паклапаціцца пра 8 сакавіка.
…Па калідоры хадзілі захмялелыя аднакурснікі, якія віншавалі адзін аднаго: «С празьнікам, мужыкі!»
Многія з іх употайкі прызнаваліся, што загадзя збіраюць грошы, каб адкупіцца ад ваенкамата. Але не адзначыць «23 феўраля», роўна як і «Васьмое марта» яны не маглі, «патамушта іх атмечают все нармальные людзі». Маё адмаўленне савецкіх святаў умацавала пазіцыі.
***
У часе службы ў войску 8 сакавіка нас папярэдзілі, што па абедзе мы ўсім батальёнам будзем віншаваць нашых кантрактніц. Я здаваў нарад і заўважыў, што ўжо паўдня не бачыў нашых дзяўчат.
«Рыхтуюцца!», — загадкава ўсміхаўся прапар.
Калі прыйшоў час віншавання, амаль ніхто з нас не пазнаў сваіх калегаў. Дзяўчаты былі апранутыя не ў вайсковае, што рабіла іх зусім іншымі, незнаёмымі.
Мы так горача віншавалі вайсковых каляжанак са святам, што камбат нават прыраўнаваў, адзначыўшы, што даўно не чуў такога энтузіязму пры вітанні камандзіраў батальёна.
***
У нашы дні мы спакойна ставімся да пытання 23/8. Маіх бацькоў ужо колькі гадоў няма, на памяць засталося тое-сёе з падарункаў, што мы ім дарылі на «мужчынскі» і «жаночы» дзень.
Многія з нашых з жонкай родных працягваюць святкаваць. Мы дзеля жарту штогод прыдумляем легенду на той той выпадак, калі ў нас спытаюць, што мы адзін аднаму падарылі: «Як што? Шкарпэткі і гель для галення! — Ага, а тым мне — кветкі і парфуму!».
Сямён Печанко, gazetaby.com