Лябедзька ідзе ў прэзыдэнты. Ён стаміўся чакаць «Народнага рэфэрэндуму»
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька чакае вылучэньня супольнага кандыдата ў прэзыдэнты ад «Народнага рэфэрэндуму», каб зь ім абмяркоўваць пытаньне адзінага кандыдата ад апазыцыі і адзінага сцэнару на выбарах.
«АГП стамілася чакаць, калі ўжо зьявіцца кандыдат ад «Народнага рэфэрэндуму», — адзначыў Анатоль Лябедзька ў размове з Радыё Свабода.
«Сёньня задача нумар адзін — гэта супольны сцэнар. Нават не адзіны кандыдат. Калі мы кажам пра прэтэндэнтаў, то на сёньняшні дзень юрыдычна аформлена і палітычна акрэсьлена рашэньне Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Заявіў аб сваёй пазыцыі таксама Мікола Статкевіч. Усё астатняе — гэта: ці то вылучаем, ці то не вылучаем, ці ідзем, ці не ідзем. Вось у гэтым праблема. Сёньня ня шмат людзей, якія рэальна жадаюць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Таму патрэбен агульны сцэнар, агульныя мэты і задачы кампаніі, і сынхроннасьць дзеяньняў розных палітычных структураў. Таму, калі дойдзе да практычнай рэалізацыі чарговай заявы „Народнага рэфэрэндуму“, то я лічу, што гэта будзе крок наперад», — заявіў палітык.
Калі кандыдат у прэзыдэнты ад «Народнага рэфэрэндуму» зьявіцца, то Лябедзька гатовы зь ім размаўляць:
«Нам сёньня не хапае матываванага чалавека, які мае волю і жаданьне, за якім ёсьць арганізаваныя структуры, для таго каб праз стол перамоваў дамаўляцца: або — што будзе адзін кандыдат, або — што гэта будзе адзін сцэнар зь некалькімі сьпікерамі», — падкрэсьліў ён.
Лябедзька нагадаў, што год таму зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі вылучыў старшыню партыі як свайго прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі.
«Мы адразу заявілі, што мы гатовыя з тымі, хто мае амбіцыі, тымі, хто мае за сабой арганізаваную структуру, супольна размаўляць на прадмет удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. З таго часу ніводная іншая структура, акрамя слоў, нічога на практыцы не зрабіла. Таму я спакойна стаўлюся да новых чарговых заяваў. Зразумела, было б добра, калі б „Народны рэфэрэндум“ меў свайго прэтэндэнта — гэта б дазволіла нам супольна пачаць працаваць па падрыхтоўцы прэзыдэнцкай кампаніі», — заявіў палітык.
Лябедзька адзначае, што частка ўдзелу АГП у выбарчай кампаніі — вылучэньне Статкевіча (які, зразумела, не атрымае юрыдычнай рэгістрацыі як кандыдат у прэзыдэнты) і актуалізацыя праблемы палітвязьняў.
«Для нас выбараў няма, мы называем гэта кампаніяй. Мы лічым, што ў гэтай кампаніі павінна быць некалькі сьпікераў — адным зь іх павінен быць Мікола Статкевіч», — адзначыў палітык.
Адказваючы на ўдакладняльнае пытаньне Радыё Свабода, ці зьбіраецца ўсё ж такі Лябедзька вылучаць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах, ён заявіў:
«Ніхто ў нас рашэньня зьезду не адмяняў. Безумоўна, мы будзем улічваць усе нюансы: напрыклад, калі пачнецца зачыстка палітычнай прасторы, сытуацыя будзе іншая. На сёньняшні дзень мы плянамерна вядзем падрыхтоўку і працуем па некалькіх галоўных кірунках. Мы маем намер выкарыстаць гэтую кампанію для таго, каб напрыканцы яе зьявіўся новы палітычны рух, вельмі шырокі, каб альтэрнатыва, перш за ўсё эканамічная, была прыцягальная для людзей. Наша задача — істотна павялічыць колькасьць удзельнікаў палітычнага працэсу».
Магчымасьці правядзеньня масавых акцыяў пратэсту падчас прэзыдэнцкай кампаніі Лябедзька не выключае.
«Аб’яднаная грамадзянская партыя — не прыхільніца рэвалюцыі, мы за эвалюцыйны шлях разьвіцьця, але ў грамадзян ёсьць права на пратэст», — кажа ён.
Пра Плошчу і ня думаем, — Калякін
«Істотнае павелічэньне колькасьці ўдзельнікаў палітычнага працэсу», пра што кажа Лябедзька, было адной з галоўных задач Грамадзянскага альянсу за справядлівыя і сумленныя выбары для лепшага жыцьця «Талака», які быў створаны яшчэ напрыканцы 2013 году. У «Талаку», акрамя АГП, уваходзіць Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» і яшчэ 5 невялікіх дэмакратычных арганізацыяў, ніводная зь якіх ня мае афіцыйнай рэгістрацыі. «Талака» стваралася як кааліцыя, якая будзе альтэрнатывай кааліцыі «Народнага рэфэрэндуму», але пра агульнага кандыдата ад гэтага аб’яднаньня гаворка ніколі не ішла.
Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода ня даў адназначнага адказу на пытаньне, ці падтрымае партыя кандыдата ад «Народнага рэфэрэндуму».
«Мы пакуль пачакаем, калі яны прымуць рашэньне. Мы пра гэты чуем ужо даўно, і ніякай навіны тут няма. У іх будзе свой кандыдат? Вось калі будзе кандыдат, тады мы будзем прымаць рашэньне, як да яго ставіцца і як зь ім працаваць», — падкрэсьліўКалякін.
Палітык таксама ня змог распавесьці пра пляны «Справядлівага сьвету» на гэтую прэзыдэнцкую кампанію. Паводле ягоных слоў, гэтае пытаньне будзе вырашацца на зьезьдзе партыі 16–17 траўня.
Што тычыцца пытаньня сцэнару масавых акцыяў пратэсту падчас выбараў, то Калякін лічыць сёньня гэтае пытаньне трэцярадным.
«Гэтае пытаньне зьяўляецца трэцярадным, і мы пакуль нават ня думалі пра гэта. Плошча не зьяўляецца інструмэнтам зьмены ўлады», — заявіў старшыня «Справядлівага сьвету».
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў у панядзелак, што агульны кандыдат у прэзыдэнты ад кампаніі «Народны рэфэрэндум» павінен быць вылучаны ў сярэдзіне красавіка. Рашэньне наконт агульнага кандыдата ў прэзыдэнты будзе прымацца кіраўнікамі арганізацыяў-удзельнікаў «Народнага рэфэрэндуму» (Партыя БНФ, рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада») паводле прынцыпу кансэнсусу.
У сваю чаргу, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што БХД не зьбіраецца ні вылучаць уласнага кандыдата ў прэзыдэнты, ні падтрымліваць кандыдата ад «Народнага рэфэрэндуму».