Юры Рубцоў: Лукашэнку патрэбны гэты спектакль
Палітзняволены Юры Рубцоў моцна шкадуе, што старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падтрымаў гульню спецслужбаў пад назвай “выбары” і вырашыў вылучацца кандыдатам у прэзідэнты РБ.
Аргумент Анатоля Лябедзькі, наконт паўгадзіннага эфіру не вытрымлівае ніякай крытыкі, кажа Юрый Рубцоў.
— І яго аргументы, што можна нешта патлумачыць людзям… Хіба паўгадзіны эфірнага часу яму хопіць, каб патлумачыць нешта людзям? За паўгадзіны пераканаць людзей — гэта фантастыка. Лукашэнку патрэбны гэты спектакль. І я хацеў бы папярэдзіць усіх людзей, каб не ўздумалі ісці на Плошчу і не ўздумалі ісці галасаваць.
Палітвязень Юры Рубцоў адбывае паўтарагадовае пакаранне ў спецкамендатуры Куплін Пружанскага раёна за нашэнне майкі з надпісам: “Лукашэнка, сыходзь!” Хаця афіцыйна нібыта за абразу суддзі Кірыла Палулеха.