Навіны

Палітвязні атрымаюць віншаванні з Днём Волі з Бялыніцкага раёна

Грамадскія актывісты з Бялыніцкага раёна 17 сакавіка даслалі віншаванні з Днём Волі ўсім беларускім палітвязням.

У паштоўках бялынічане віншуюць палітвязняў са святам і жадаюць ім мужнасці, стойкасці і цярпення ў нялёгкіх умовах зняволення, а таксама выказваюць спадзяванне на тое, што ўжо ў бліжэйшы час у іх жыцці адбудуцца змены да лепшага, і яны змогуць выйсці на волю.

Па словах бялыніцкіх актывістаў, акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў гарадскім пасёлку яны збіраюцца праводзіць рэгулярна. Ужо ў бліжэйшы час у мясцовай незалежнай маланакладнай газеце “Паходня” будуць надрукаваныя інфармацыйныя матэрыялы з расповедам пра палітвязняў і іх лёсы, бо вельмі важна, каб шараговыя грамадзяне ведалі, што яны ёсць у нашай краіне. Таксама бялыніцкія актывісты плануюць надаваць асноўную ўвагу неабходнасці вызвалення палітвязняў у Беларусі падчас стартуючай ужо ў хуткім часе кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

spring96.org