Ціск на Мікалая Статкевіча ў турме ўзмацніўся
На экс-кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня Мікалая Статкевіча значна вырас ціск у турме, што выклікае занепакоенасць у праваабаронцаў і не здзіўляе кіраўніка краіны.
За апошні тыдзень палітычнаму вязню Мікалаю Статкевічу, які адбывае пакаранне ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17, вынеслі шэраг спагнанняў, склалі восем актаў. Як паведаміла жонка Міколы Статкевіча, яго пазбавілі каротка-тэрміновага спаткання, якое планавалася ў красавіку, і харчовай перадачы. Акрамя таго, Статкевіча змясцілі ў штрафны ізалятар, а трэцяга красавіка – перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу.
«Імаверна, што рыхтуецца новая справа супраць Мікалая», — дапускае Марына Адамовіч, жонка палітвязня
Сітуацыю пракаментаваў намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:
– Натуральна, што мы расцэньваем гэта як недапушчальныя рэчы – як менавіта ціск, звязаны з палітычных характарам вынесенага прысуду Мікалаю Статкевічу, і мы нагадваем, што не толькі беларускія праваабаронцы, але і міжнародныя правааабрончыя арганізацыі, такія як Amnesty International, настойваюць на неадкладным і безумоўным вызваленні Мікалая Статкевіча з турмы.
Лукашэнка: Статкевіч сам хоча быць вязнем
У той жа час Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што палітвязень Статкевіч знаходзіцца за кратамі па асабістым жаданні. Адказваючы на пытанне журналіста, ці трэба, каб пяцёра кандыдатаў у прэзідэнты пасля выбараў 2010 года апынуліся ў турме, а адзін да гэтага часу там сядзеў, Лукашэнка заявіў: «Абсалютна не трэба. Гэта шкодна, перш за ўсё для мяне. Але яны ж пайшлі [у турму] не таму, што яны былі кандыдатамі ў прэзідэнты. Вы ж пагодзіцеся, што яны для мяне ніякімі канкурэнтамі не былі?.. Але яны парушылі закон, груба парушылі закон. Гэта было звязана з дэстабілізацыяй становішча ў краіне».
«Чацвёра не хацелі быць у турме. Яны не ў турме. Адзін, які сёння знаходзіцца там, ён хоча быць вязнем, і ён лічыць, што «вось я буду вязнем, гэта зробіць мяне героем у Беларусі». Ну, думаць не забаронена, хочаш так — хай будзе так», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
***
Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Першапачаткова адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткім ўмовы адбыцця пакарання і перавялі ў магілёўскую турму № 4 на тры гады. Па заканчэнні гэтага тэрміну, 12 студзеня бягучага года, палітыка вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў яго дачыненні ў першыя два дня знаходжання склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку і на гэтай падставе забаранілі доўгатэрміновае спатканне з роднымі.
Статкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але 58-гадовы палітык катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць. Беларуская апазіцыя плануе вылучыць яго кандыдатам у прэзідэнты на выбарах у гэтым годзе.
Беларускі ДПЧ, паводле spring96.org, nn.by