Навіны

''Свой год'', каторы стаўся нашым.

Адседзім, – сказаў Зьміцер скрозь стомленую добрую ўсмешку. У вачох быў боль аб згубленым часе, але адначасова моц мужнага мужчыны і пошук супакою ў маіх вачох.

– Не веру, – думала я. – Пабачымся праз паўгады, – пераконвала сябе ўнутры. І ўсмешліва глядзела на яго, імкнучыся развесяліць хоць чым-небудзь ці проста строячы яму грымасы. Не адрывала вачэй ад яго, бо разумела, што яшчэ доўгі, вельмі доўгі час я змагу яго не пабачыць.

Пасля сядала на лаву, хавалася за відыёкамеру падчас прысуду і рабіла глыбокі ўздых. Затым уздымала твар і глядзела на яго з сухімі вачыма, каб ён нічога не заўважыў.

Свой год умоўна я бяру з палёгкаю, зрэдку згадваючы пра той прысуд наогул, калі гляджу на чарговую позву ці лічу папярэджанні. Ягоны год рэальны даўся мне складана.

Седзячы ў турме я не ўмела іх ненавідзець. Нехта быў мне брыдкі, нехта выклікаў сімпатыю, але ўсіх іх мне было шкада, і рабілася сумна, што яны працуюць там. Я была здзіўлена, пабачыўшы ў СІЗА, здаецца, прыстойных і прыемных людзей, каторыя не зрабілі мне нічога кепска. І часам нават моўчкі спачувалі. Сістэма мае эмоцыі, але не дае збоеў.

Не так даўно я сустрэла ў краме ў раёне праспекта Незалежнасці свайго мінулага канваіра.

Гэта ты? – спытаўся ён здзіўлена і ўсміхаючыся.

Я. Прывет! Як ты? – чамусці спытала я так проста, нібыта ён мой стары прыяцель.

Нармальна. Збіраюся сыходзіць з такой працы.

О, як. Ну правільна. Няма там чаго рабіць. Перадавай прывітанне Юмбрыку, пазітыўным і прыстойным персанажам ён застаўся ў маёй памяці.

Так, адзін з нешматлікіх, – ціха і шматзначна сказаў ён, гледзячы кудысьці ўніз.

Пачуўшы гэта я была здзіўлена і нават неяк натхнёна гэта ўспрыняла, можа быць недзе нават палічыўшы гэта крокам сумлення і шчырасці, але тут мой добры сябра Мікола Дземідзенка прамовіў: “Раслабся, яны далёка не сыходзяць. Атрымаўшы адукацыю, з канвоя – у следакі ці апера. А разумець-та можа і разумеюць усё”. Ізноў я падумала: “Сістэма, што мае эмоцыі, у выключэннях хоча і умее думаць, але не дае збоеў”.

Я нармальна ўспрымала іх усіх. З усімі віталася, нават з “маскамі”, што былі прыстаўлены дзеля застрашэння, была ветлівая, не ленавалася тлумачыць сваіх пазіцыяў ці адстойваць сваё. Але пачувала сябе спакойна, зрэдку расстройвалася ці моцна перажывала, хоць і не без гэтага.

Год прайшоў хутка: 2 месяцы амерыканкі, пасля яшчэ некалькі следства, у выніку – працяглы судовы працэс. А пасля цішыня… Тая цішыня, што чакае мяне яшчэ год. Ці маю я ілюзіі адносна хуткага вызвалення Дзімы? Не, не маю.

Я не ненавідзела тых, хто мог бы патэнцыйна усадзіць мяне, пужаў ці утрымліваў там, дзе мне было не месца. Але я змагаюся з нянавісцю ўнутры сябе цяпер, калі бачу, што яны робяць са Зьміцерам, Андрэем, Міколам, Дзімам, Пашам, Яўгенам і астатнімі.

Калі чытаю навіны пра Аўтуховіча, мяне ахоплівае страх, а пасля – нянавісць. Здаецца, проста лютая нянавісць да тых, хто імкнецца знішчыць людзей духова, маральна, а затым і фізічна…

Прывітанне, Наста. Мы тут толькі з Жодзіна ад Дашкевіча.

Я сядзела ў адным з вялікіх следчых пакояў на адзінокім стульчыку і глядзела на 2-х аператыўнікаў, што прыйшлі да мяне ўпершыню.

І? Як ён?

– Нармальна. Толькі адмаўляецца з намі гаварыць пакуль мы не адпусцім цябе.

– І што?

Ну вось, паперы аб тваім вызваленні, глядзі (мне працягнулі запоўнены бланк пра змену меры ўтрымання, але без подпісаў і штампаў. Наташа Радзіна ўжо выйшла, Іры Халіп ужо намякалі на хатні арышт, таму выправаджэнне апошняй дзяўчыны мне падалося лагічным). Мы вызваляем цябе, ты толькі напішы Дзіме, што ты сыходзіш адсюль.

Дык я і дома магу напісаць.

Не, ты цяпер напішы. Так будзе лепш для яго, калі ён проста з намі пагаворыць. Нават ні аб чым.

Я задумалася. У любым выпадку я не зусім верыла ім, але ў першую чаргу не хацела сабою шантажаваць Дзіму. Расказваць яму, канешне, і так не было чаго, але ён наогул з такімі рабятамі доўга не гаворыць. “Што рабіць?”, – задумалася я. Але гэта быў адзіны шанец напісаць яму, што са мною ўсё ў парадку, бо перапіска была забаронена мне, і ён ведаць не ведаў, што са мною, а расказваць маглі рознае.

Ок, я напішу. Але толькі тое, што захачу я, – гэта быў адзіны варыянт іх паспрабаваць перахітрыць. Галоўнае, не перастарацца, каб зразумеў сам Дзіма.

Пішу: “Прывітанне, Дзім,у мяне ўсё ў парадку. І з духам, і са здароўем, ты толькі не турбуйся. Я бачу перад сабою нейкія дакументы пра змену ўмоваў утрымання. Не рабі нічога благога і не хвалюйся. Зараз я павернуся назад у камеру. Малюся за цябе, люблю і сумую”.

Я імкнулася напісаць так, каб ён зразумеў, што пэўнага нічога няма. І паводзіў сябе мудра. Бо ад такіх, як мы, у турме хутчэй пачуеш не здачу інфармацыі адзін супраць аднога, а “давайце я скажу, што гэта быў я, а вы таго вызваліце?” ці “што мне трэба сказаць, каб мяне аднога вам хапіла?”, а можа проста “я бяру за гэта адказнасць” Гераізм? Глупствы. Любоў, сяброўства і разуменне адсутнасці адзінага Закону. Вось і ўсё.

Вызваляць мяне пасля той цыдулькі ніхто не збіраўся. Я выйшла толькі праз месяц. Першыя тры дні пасля напісання гэтага ліста былі самымі жахлівымі днямі ў амерыканцы. Але Дзіма быў мудры. Ды і не было яму што ім гаварыць. Тым, відаць, гэта не спадабалася, я засталася сядзець.

І да гэтых людзей, аператыўных супрацоўнікаў я таксама нічога кепскага не маю. Ні кропелькі. І следчы як следчы, ды турма як турма. І людзі ў ёй ні чорна-белыя.

Але я не скажу падобнага ў дачыненні да аўтараў тых брудных ідэяў, што робяць утрыманне ў турме невыносным для Дзімы. Не скажу гэтага ў дачыненні да тых нізкіх і подлых баязліўцаў, каторымі з\’яўляецца адміністрацыя Горацкай калоніі. Не скажу гэта пра тых падляцоў і нахабцаў, што назваліся Савіцкім і Малышавым, па бязвольнасці і несумленнасці каторых Дзіму і Эдуарда ўсадзілі на 2 і 4 гады турмы.

Але насуперак усяму Зьміцер не губляе ні хвіліны свайго часу. Жодзіна – Валадарка – зноў Жодзіна. Ён пісаў артыкулы на волю, рыхтаваў аналітычны матэрыял у кнігу для НІСЭПД. Пісаў лісты, падбадзёрваючы нас, нявольных вольных, што не жывуць у чатырох засценках. Пасля – этап у Горкі, 2 месяцы ШЫЗА і ПКТ. Трымаючы галадоўкі за Біблію і молячыся Богу, умацоўвае свой дух і пераконваецца ў вернасці свайго шляху. Цяпер новая калонія ў Глыбокім, тут Зьміцер не губляе пачуцця гумару, каторым захапляе і натхняе ўсіх тых, хто чытае ягоныя лісты. Ён працягвае вучыцца, вельмі шмат чытае, моліцца і верыць.

Так, як я бачыла стомленасць у яго вачох на судзе, так я часам бачу гэтую стомленасць ў словах. Але як была моц у тых вачох, так і засталася. Не паменела яе. Проста мацней сціскаюцца кулакі і зубы ды больш адкрываецца сэрца да Таго, Хто Адзіны мае ўладу над ім.

Дык я да чаго? Зьміцер справіцца, я ведаю. Ён выйдзе яшчэ больш моцным, насуперак усяму. Ён выйдзе тады, калі настане час.

І мы ўсе справіліся. Прызвычаліліся, шмат разоў упалі – падняліся. Ні каменыя, ні жалезныя – жывыя ж. Але паставілі арыентыр – і ідзем.

Міру і ўпакорвання перад Богам я зычу ўсім тым, хто заўтра будзе сустракаць “свой год”. Моцы і трывання вам перад людзьмі і заўтрашнім днём.

Я зычу ўсім нам любові да адзін аднога, нашых сяброў, палітвязняў, да бліжніх і ўсёй краіны. Я зычу агромністай любові, каторая заменіць нянавісць. Няхай гэтае брыдкае пачуццё ніколі не завалодае нашымі сэрцамі. Насуперак усяму – працягвайце любіць.

Наста Палажанка “Беларускі партызан