Выбары

Анатоль Лябедзька: Лёсам Статкевіча запалохваюць будучых кандыдатаў на прэзыдэнта

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што новае асуджэньне Мікалая Статкевіча стала вынікам аслабленьня ціску на Лукашэнку ўнутры краіны і з боку Захаду

«Для мяне гэтае рашэньне было ўжо чаканым. Бо прайшоў той час, калі можна было гуляць у моцнага правіцеля, які міласэрны да сваіх апанэнтаў. І мяркую, зараз чым бліжэй прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, тым менш шанцаў, каб адпусьцілі палітвязьняў, у прыватнасьці Статкевіча. Для ўлады ён зараз выконвае іншую функцыю. Гэта запалохваньне апанэнтаў улады, жывы прыклад таго, што можа быць, калі вы паспрабуеце перайсьці рысу, якую для вас намалявала ўлада. А гэта рыса моцнай самацэнзуры. Вызваленьне Статкевіача магло б адбыцца, калі б больш рашучым было слова міжнароднай супольнасьці. А Лукашэнка зразумеў, што, негледзячы на рыторыку, палітычнай волі няма ў словах пра гэтую праблему. Зразумеў, што ніхто ня будзе біцца, рэзка настойваць, што прынялі ягоныя правілы дэпалітызацыі дыялёгу, і таму шанцы на вызваленьне Статкевіча ды іншых палітвязьняў у апошні час зьменьшыліся».

Карэспандэнт: «У вашых словах прагучала прэтэнзія адносна пазыцыі Захаду. А як наконт унутранай палітычнай сытуацыі?»

«Гэта не прэтэнзія, але канстатацыя фактаў. Тут усё разам. Захад не займаецца праблемай беларускіх палітвязьняў у чыстым выглядзе, тут і геапалітыка, і падзеі ва Ўкраіне, таму гэта нялёгкае рашэньне — ісьці на дыялёг з Лукашэнкам. Трэба было больш настойліва патрабаваць гэтага раней, да вядомых падзей, і вынік мог бы быць. А што датычыць унутранай сытуацыі, дык мы бачым, што за гэты час самацэнзура стала вельмі моцным трэндам. Гэта датычыць і палітыкаў, і грамадзкіх арганізацый, і журналісцкай супольнасьці, літаральна ўсіх — на вялікі жаль. Я сам быў арганізатарам акцый салідарнасьці са зьніклымі, калі па некалькі тысячаў выходзілі з партрэтамі, станавіліся ўздоўж праспэкту. Зараз гэта ўзгадваецца як нешта абсалютна неверагоднае. Поле дзейнасьці па гэтым пытаньні сапраўды зьменьшылася. Але разам з тым нельга казаць, што мы стаміліся. Трэба быць прынцыповымі і працягваць змагацца».

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода