БХД ня будзе вылучаць кандыдата і нікога не падтрымае на выбарах
Аргкамітэт партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» ня будзе вылучаць свайго кандыдата на прэзыдэнцкую кампанію 2015 году і таксама ня будзе падтрымліваць непасрэдна ніводнага з кандыдатаў.
Разам з тым БХД гатовая да супрацы з дэмакратычнымі кандыдатамі, блізкімі па пазыцыях, поглядах і каштоўнасьцях да беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў. Такое рашэньне на сваім паседжаньні 16 траўня прыняла Нацыянальная рада аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», паведамляе прэс-служба БХД.
«У Беларусі ня толькі няма свабодных і справядлівых выбараў. За 20 год практычна улада робіць немагчымай працу незалежных прафсаюзаў, зьнішчаная незалежныя судовая сыстэма, асноўным аб`ектам, на які накіраваны прыгнёт улады, становіцца не апазыцыя, а беларускі народ.
Прыняцьце апошніх антынародных законаў (падатак „на дармаедзтва“, ціск на прадпрымальнікаў, працоўных) — таму яскравыя прыклады.
Хрысьціянскія дэмакраты павінны стаць абаронцамі беларускага народу, той партыяй, якая бароніць нацыянальныя каштоўнасьці і адстойвае правы простых беларусаў», — адзначыў сустаршыня БХДВіталь Рымашэўскі.
«Партыя ня ўдзельнічае ў «выбарах» — бо як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма? Але мы правядзем кампанію падтрымкі Міколы Статкевіча і іншых палітвязьняў, а таксама масавы збор подпісаў і прэзэнтацыю праграмнай альтэрнатывы «Урад для народу», — падкрэсьліў сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Асноўнай кампаніяй 2015 году для БХД стане рэформа сфэры аховы здароўя, якая дазволіць больш пасьпяхова і эфэктыўна кантактаваць з грамадзянамі. Таксама падчас кампаніі БХД прадставіць «Урад для народа» — прапановы рэформаў па дзесяці галоўных сфэрах (адукацыя, ЖКГ, абарона і г. д,), што будзе прадстаўлена як канкрэтны адказ на існуючыя выклікі.
Апроч таго, БХД бярэ актыўны ўдзел у кампаніі назіраньня «Права выбару».
«Нават калі хтосьці на Захадзе захоча зрабіць Лукашэнку законным прэзыдэнтам, каб ён радзей езьдзіў у Маскву, то мы не павінны гэтага дапусьціць. Гэта пастка, бо ў выпадку прызнаньня Лукашэнка зможа незаконна перадаць Беларусь у склад Расеі, абвясьціць сябе царом ці адняць апошнія правы ў беларусаў. Сёньня прынятыя ім рашэньні ў міжнародным полі ня маюць юрыдычнай моцы», — заявіў Севярынец.
На 13 чэрвеня заплянаваны зьезд БХД, які зацьвердзіць плян дзейнасьці хрысьціянскіх дэмакратаў у 2015 годзе.