Беларуская апазыцыя ў Рызе заклікала аднавіць перамовы з уладамі пры пасярэдніцтве Эўразьвязу
Зь беларускага боку былі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевічі старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.
На сустрэчы прэзэнтавалі бачаньне стратэгіі ўзаемадзеяньня Беларусі з Эўразьвязам і «Ўсходнім партнэрствам», выпрацаванае беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
«Лідэры апазыцыі перакананыя, што эфэктыўны дыялёг Беларусі з ЭЗ, правядзеньне неабходных палітычных і эканамічных рэформаў дзеля мадэрнізацыі краіны і дасягненьня мэтаў «Усходняга партнэрства» немагчымыя без удзелу ў ім грамадзянскай супольнасьці краіны і палітычнай апазыцыі», — заявіла па выніках сустрэчы прэсавая служба БХД.
Апазыцыя заклікала аднавіць трохбаковы фармат дыялёгу ЭЗ — Беларусь з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў і палітычнай апазыцыі Беларусі, прапанавала аднавіць замарожаны ў 1999 годзе перамоўны працэс паміж уладамі і апазыцыяй пры пасярэдніцтве ЭЗ аб правядзеньні сумленных, свабодных выбараў паводле стандартаў АБСЭ і аб допуску апазыцыі да дзяржаўных СМІ.
Сярод мэтаў такога дыялёгу — апрача правядзеньня сумленных і свабодных выбараў у Беларусі — спыніць перасьлед незалежных журналістаў і забясьпечыць свабоду СМІ, зарэгістраваць усе грамадзкія аб’яднаньні і палітычныя партыі, якім з надуманых прычын адмаўлялася ў рэгістрацыі.
«Падкрэсьліваем, што рэальным крокам, які б паказаў сапраўдную зацікаўленасьць уладаў Беларусі ў дыялёгу з ЭЗ, зьяўляецца вызваленьне палітвязьняў і іх поўнае аднаўленьне ў правах. Павінны быць неадкладна вызваленыя Мікалай Статкевіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Юры Рубцоў, адноўленыя ў правах кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 19 сьнежня 2010 году і чальцы іхніх камандаў, асуджаныя пасьля 19 сьнежня 2010 году», — заявілі прадстаўнікі беларускай апазыцыі.
Калі вы не аб’яднаныя, ня маеце адзінага, у нас усё менш аргумэнтаў, каб спрыяць вашаму дэмакратычнаму прагрэсу
«Сустрэча была шчырай і вострай. Задалі тон прэзыдэнт ЭНП Жазэф Доль і віцэ-прэзыдэнт Яцэк Сарыюш-Вольскі», — расказаў удзельнік сустрэчы, старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.
Паводле ягоных слоў, спадар Доль, у прыватнасьці, адзначыў:
«Нішто так ня нішчыць шанцы беларусаў на дэмакратычныя перамены, як адсутнасьць адзінства. У Эўропе шмат палітыкаў, якія б хацелі зь Беларусьсю проста займацца бізнэсам і забыцца на палітвязьняў, а таксама на праблемы з правамі чалавека. Мы — партыя каштоўнасьцяў. Калі вы не аб’яднаныя, ня маеце адзінага, у нас усё менш аргумэнтаў, каб спрыяць вашаму дэмакратычнаму прагрэсу. Дапамажыце нам, дакажыце, што вы суб’ект палітыкі, а не аб’ект, якога трэба шкадаваць».
«У межах дыскусіі абмеркавалі пагрозы дэстабілізацыі і правакацыі з боку Расеі падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, рызыкі таго, што могуць быць разбураныя спробы аднаўленьня адносінаў ЭЗ і нашай краіны. Гэта, на думку ўдзельнікаў канфэрэнцыі, адкінула б Беларусь у Расею і яшчэ больш пагоршыла сытуацыю з дэмакратыяй і шанцамі на захаваньне сувэрэнітэту», — паведаміў Аляксандар Мілінкевіч.
Сёньня ў Рызе прайшла канфэрэнцыя ЭНП, у якой узялі ўдзел прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск, канцлер ФРГ Ангела Мэркель, лідэры эўрапейскіх правацэнтрысцкіх партыяў, прэзыдэнты Ўкраіны і Армэніі Пятро Парашэнка i Серж Саргсян, экс-прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, мэр Кіева Віталь Клічко, а таксама прадстаўнікі беларускай і грузінскай апазыцыі.