Актуальна

Макей пра палітзняволеных, візавы рэжым і вынікі саміту ў Рызе (+ відэа)

Прасоўванне Беларусі ў кірунку Еўропы стопарыцца з-за «гэтак званых палітвязняў», заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, размаўляючы з журналістамі па выніках саміту Усходняга партнёрства 22 мая ў Рызе.

Відэа belsat.eu.

«Я не разумею, пра што вы гаворыце, таму што праблемы палітвязняў не існуе, — сказаў ён. — Так, ёсць людзі, якія знаходзяцца ў турме за ўчыненне канкрэтных правапарушэнняў, за ўчыненне канкрэтных злачынстваў. Я дагэтуль не магу зразумець, як могуць трактавацца гэтак званымі палітычнымі зняволенымі людзі, якія кідаюць кактэйлі Молатава, не мае значэння — у будынак расійскага пасольства, у будынак Федэрацыі прафсаюзаў, у будынак Міністэрства абароны».

На заўвагу пра тое, што экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч, які знаходзіцца дагэтуль у турме, не кідаў кактэйлі Молатава, Макей заявіў: «Гэта асобная гісторыя. Вы можаце паглядзець відэа, якое транслявалася па заходніх сродках масавай інфармацыі, як ён заклікаў уварвацца ў будынак урада некалькі гадоў таму пасля прэзідэнцкіх выбараў».

«Дзякуючы вось гэтым так званым палітвязням і прасоўванне Беларусі ў кірунку Еўропы крыху стопарыцца, запавольваецца. Чаму? Таму што яны вывелі людзей на плошчу, кінулі, стварылі праблему. Вынікі ж нашых выбараў тады ацанілі ўсе нармальна і станоўча. Пытанне было толькі да тых падзей, якія здарыліся пасля выбараў. І пытанне было толькі да занадта эмацыянальнай з падказкі нашай апазіцыі ацэнкі Еўрасаюзам гэтых падзей. Таму ніякіх палітвязняў у Беларусі няма», — падкрэсліў кіраўнік МЗС Беларусі.

Ён дадаў, што ўсе, хто знаходзяцца ў турме, могуць напісаць прашэнне аб памілаванні. «Па вялікім рахунку, гэта не праблема — ёсць прававыя асновы, каб яны выйшлі на волю. Напішуць прашэнне аб памілаванні, камісія аб памілаванні разглядае гэтыя прашэнні, а далей кіраўнік дзяржавы або зацвярджае гэтыя прашэнні, або вяртае на дадатковы разгляд», — сказаў Макей.

Таксама Макей заявіў, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі на саміце Усходняга партнёрства ў Рызе не было парафіравана не па віне Беларусі. 

«Мы працавалі з Еўрасаюзам над пытаннем заключэння пагадненняў, — сказаў ён. — Гэта была ініцыятыва нашага прэзідэнта, якую я, па яго даручэнні, абнародаваў на Вільнюскім саміце. Было праведзена некалькі кансультацый. Мы дастаткова паспяхова прасунуліся па пытаннях заключэння гэтых пагадненняў. І магу сказаць, што фактычна мы знаходзімся блізка да фінальнай стадыі». 

Паводле яго слоў, беларускі бок па просьбе еўрапейскіх партнёраў нават пачаў працэдуру ўнутранага ўзгаднення гэтых дакументаў для таго, каб узважыць, наколькі яны адпавядаюць нацыянальным інтарэсам. «Але на якімсьці этапе нашы партнёры знайшлі нейкія тэхнічныя зачэпкі, якія не дазволілі нам выйсці на парафіраванне гэтых пагадненняў на гэтым саміце, — зазначыў Макей. — Таму мы працягваем працаваць над імі, дамовіліся, што эксперты будуць сустракацца. Паверце, гэта абсалютна не па нашай віне». 

Макей зазначыў, што праца над пагадненнямі запатрабуе часу. «Мы гатовы працаваць над гэтым разам з Еўрасаюзам. Думаю, што эксперты працягнуць канструктыўнае супрацоўніцтва ў гэтым кірунку. Але ўжо не хацелася б, аб чым мы заўсёды гаварылі, прымяркоўваць гэта да нейкіх памятных, юбілейных дат», — падкрэсліў ён.

Міністр таксама заявіў, што Беларусь зацікаўленая браць удзел ва Усходнім партнёрстве, але мяркуе, што ў аснове гэтай ініцыятывы ЕС павінна стаяць эканоміка. 

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб ініцыятыва «Усходняе партнёрства» існавала, і зацікаўленыя ў раўнапраўным удзеле Беларусі ў ёй», — сказаў ён. — Мы гатовыя рабіць свой максімальны ўнёсак у развіццё гэтай ініцыятывы. Мы хочам, каб гэтая ініцыятыва прыносіла канкрэтную аддачу. Мы можам абмяжоўвацца нейкімі палітычнымі дэкларацыямі, запэўніваць адзін аднаго ў тым, што трэба рухацца ў кірунку ЕС ці яшчэ некуды, але з гэтага не будзе толку, калі простыя людзі не адчуюць канкрэтную аддачу ад гэтай ініцыятывы. Таму гэтая ініцыятыва павінна быць нацэленая на вынік».

Паводле слоў Макея, у аснове Усходняга партнёрства павінна стаяць, у першую чаргу, эканоміка. «І мы, дарэчы, вельмі актыўна працуем у бізнес-вымярэнні Усходняга партнёрства. Мы ўнеслі шэраг канкрэтных прапаноў. Наша апошняя ініцыятыва аб гарманізацыі лічбавых рынкаў краін ЕС і Усходняга партнёрства была вельмі актыўна падтрыманая нашымі партнёрамі. Гэта тое, што арыентаванае на будучыню, што важнае для нашых маладых людзей. Сёлета будуць арганізаваныя шэраг сустрэч па прапрацоўцы гэтай ініцыятывы», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.

Беларусь у цэлым ацэньвае вынікі саміта Усходняга партнёрства «дастаткова канструктыўна», заявіў міністр замежных спраў на заканчэнне.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «не ўдалося пазбегнуць з вуснаў прадстаўнікоў асобных краін канфрантацыйнай рыторыкі». «Гэта і ў кантэксце ўкраінскага крызісу, і ў кантэксце ацэнкі ўнутранай сітуацыі ў краінах — удзельніцах Усходняга партнёрства, — сказаў Макей. — Але ўсё-такі галоўнае, што я вынес з гэтага саміта (і пра гэта казалі кіраўнікі ўсіх дзяржаў), гэта тое, што нельга дапусціць з\’яўлення новых раздзяляльных ліній у Еўропе, нельга ставіць дзяржавы Усходняга партнёрства перад выбарам: «ты ці з белымі, ці з чырвонымі». І трэба думаць над тым, як забяспечыць мір, спакой і стабільнасць у рэгіёне».

Беларусь, паводле слоў Макея, спакойна ставіцца да таго, што на саміце «на жаль, канфрантацыйнай рыторыкі не ўдалося пазбегнуць». «Мы сваю пазіцыю дакладна заявілі, — сказаў ён. — І мы бачым, што таксама мяняецца разуменне таго, як павінна мяняцца Усходняе партнёрства ў далейшым. І мяняецца стаўленне да асобных краін — удзельніц партнёрства. Не параўнаць тое, што было ў Вільнюсе (маецца на ўвазе Вільнюскі саміт Усходняга партнёрства 28—29 лістапада 2013 года), і тое, што цяпер, у ацэнцы, напрыклад, дзеянняў Беларусі, ацэнцы іншых краін».

Наша Ніва