Навіны

Галадоўка і арышты на Новы год

У ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна грамадскія актывісты абвясцілі галадоўку пратэсту.

Пра гэта паведаміла прэс-служба “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі).

30.12.2011 падчас сустрэчы пасля арышту першых арыштаваных за акцыю 19 снежня, стала вядома, што маладзёжны актывіст Уладзімір Яроменак трымае за кратамі галадоўку. Аб гэтым юнак сам выкрыкнуў паплечнікам з вакна ізалятара па завулку Акрэсціна. Распачаў яе былы палітвязень адразу пасля арышту ў знак пратэсту супраць арыштаў, якія ён лічыць незаконнымі і палітычна матываванымі.

Акрамя таго, як стала вядома пасля вызвалення маладафронтаўца Міхася Мускага і прадпрымальніка Алеся Макаева, галадоўку ў знак пратэсту таксама трымае яшчэ адзін былы палітвязень Васіль Парфянкоў.

Прэс-служба Руху “За свабоду” таксама паведаміла, што вядомы блогер Юрась Навіцкі, які зараз таксама адбывае арышт на Акрэсціна, абвясціў сухую галадоўку. Як паведаміла жонка актывіста Таццяна Грачанікава, Юрасю ўжо выклікалі ў ізалятар “хуткую дапамогу”. Праўда, ўрачы яго адвезлі ў лякарню, зрабілі неабходныя ўколы і зноў вярнулі “на нары”.

А тым часам, 29-30 снежня, напярэдадні Новага года былі падманам альбо гвалтоўна затрыманыя яшчэ шэраг маладзёвых актывістаў. Сярод іх – Павел Вінаградаў, Аляксандр Сцепаненка, Андрусь Крэчко, Зьміцер Шаўчэнка. Хлопцаў арыштоўвалі дома, як Аляксандра Сцепаненку, альбо “выклікалі а прафілактычную размову” у міліцыю, дзе і арыштоўвалі, не зважаючы на поўную адсутнасць якіх бы ні было падстаў для гэтага.

Адзінай імавернай прычынай гэтага беззаконня называюць планы сустрэць Новы год апладысментамі, якія былі агучаны ў сацыяльных сетках.