Навіны

Эўрапейскі дыплямат нагадаў Лукашэнку, што «доўга сядзець на шпагаце ня вельмі зручна»

Адносіны Беларусі і Эўразьвязу паступова паляпшаюцца, але пытаньні палітвязьняў і правоў чалавека застаюцца каменем спатыкненьня, які перашкаджае поўнай нармалізацыі адносінаў.

Пра гэта заявіў часовы павераны ў справах прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Рудольф Рышар на міжнароднай канфэрэнцыі ў Менску.

«Нашы адносіны зь Беларусьсю паляпшаюцца — павольна, паступова, — адзначыў ён. — Узровень узаемнага недаверу мае тэндэнцыю да зьніжэньня. Палітыка малых крокаў працуе і спараджае ўстойлівасьць. Доказ гэтага — тое, што гэтыя малыя крокі становяцца ўсё больш і больш бачныя. Гэта нялёгка, гэта патрабуе вельмі шмат намаганьняў ад кожнага з бакоў».

Патэнцыял беларуска-эўрапейскіх адносін, па словах Рышара, велізарны.

«Для гэтага нам трэба працаваць над нармалізацыяй адносін. Але наяўнасьць палітвязьняў і сытуацыя з правамі чалавека застаецца каменем спатыкненьня дагэтуль», — падкрэсьліў ён.

Па словах Рышара, Эўразьвяз шануе пазыцыю Менску па ўкраінскім крызісе і высілкі беларускіх уладаў па яго ўрэгуляваньні.

«Адначасова мы пачулі з вуснаў прэзыдэнта Лукашэнкі, што, калі трэба, Беларусь заўсёды падставіць плячо саюзьніку — Расеі. Тут складана, вядома, ня бачыць таго, што здарылася ў Рызе або да Рыгі на перамовах па выніковай дэклярацыі. Расея — ня сябра „Ўсходняга партнэрства“, але яна там прысутнічала. Усе пытаньні, якія зьвязаныя з расейскім умяшаньнем і дзеяньнямі ў рэгіёне, спарадзілі вельмі складаныя дыскусіі паміж Эўразьвязам і краінамі „Ўсходняга партнэрства“. Добра быць на скрыжаваньні, але часам доўга сядзець на шпагаце ня вельмі зручна», — адзначыў Рышар, маючы на ўвазе пазыцыю беларускіх уладаў адносна анэксіі Крыму.

Эўрапейскі дыплямат адзначыў важнасьць пошуку, вызначэньня і ўмацаваньня ўзаемных пунктаў судакрананьня паміж ЭЗ і Беларусьсю. Аднак такая тактыка, на яго погляд, сьведчыць і яшчэ пра адну рэч: бакі ня вераць, што пазыцыі адзін аднаго будуць істотна мяняцца.

Эўразьвяз заснаваны на каштоўнасьцях і лічыць, што Беларусь як эўрапейская краіна павінна выконваць мінімальныя прынцыпы, прынятыя ў Эўропе

«Беларусь, можа, ня вельмі зацікаўленая памяняць свой унутраны парадак. А Эўразьвяз заснаваны на каштоўнасьцях і лічыць, што Беларусь як эўрапейская краіна павінна выконваць мінімальныя прынцыпы, прынятыя ў Эўропе», — заявіў ён.

«Я мог бы запазычыць прыгожую фармулёўку ў Марціна Лютэра Кінга: I have a dream! У мяне ёсьць мара, што аднойчы Беларусь будзе дэмакратычнай краінай, з поўным захаваньнем правоў чалавека і асноўных свабодаў, дзе пануе рынкавая эканоміка. Марыць ня шкодна, але ўсё гэта павінна суправаджацца доляй рэалізму. Мы суседзі, і нам падзецца няма куды», — канстатаваў Рышар.

«Нам трэба працаваць разам: з канкрэтнымі мэтамі па канкрэтных праектах. Але з улікам нашых рэаліяў. Улічваць нашы рэаліі — гэта разумець, што мы часам жывем у розных сьветах. У сфэры дзяржаўнасьці і ўлады, з аднаго боку, і сфэры каштоўнасьцяў, зь іншага. Гэта абумоўлівае наша бачаньне саміх сябе і сьвету, які нас атачае. Пра гэта варта задумацца і не завышаць чаканьняў. Тады, можа, у нас будуць больш спакойныя адносіны, больш узаемасувязяў. Тады, магчыма, калісьці мы зможам пачаць размаўляць на адной мове».

Амбасадар Латвіі ў Беларусі Міхаілс Папкоўс на канфэрэнцыі таксама заявіў, што Эўразьвяз паважае пазыцыю афіцыйнага Менску па ўкраінскім крызісе.

Далейшае разьвіцьцё супрацоўніцтва з ЭЗ — у руках самой Беларусі

«Наша краіна лічыць, што ёсьць усе магчымасьці для канструктыўнага разьвіцьця беларуска-латвійскіх адносін. Далейшае разьвіцьцё супрацоўніцтва з ЭЗ — у руках самой Беларусі. Мы адкрытыя і гатовыя да супрацоўніцтва, якое грунтуецца на ўзаемным разуменьні, але ў той жа час не адыходзячы ад эўрапейскіх каштоўнасьцяў. У сфэры двухбаковых адносін Латвія працягне актыўнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў сфэрах транспарту, транзыту, кантролю за мяжой, адукацыі, навукі і аховы асяродзьдзя. У той жа час важнай часткай нашага дыялёгу застаюцца пытаньні захаваньня правоў чалавека і вяршэнства закону», — заявіў амбасадар Латвіі.

Канфэрэнцыя ў Менску прысьвечаная будучыні Беларусі ва ўмовах новых рэгіянальных выклікаў.

Арганізатары канфэрэнцыі — Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў і амбасада Латвіі ў Беларусі, пры садзейнічаньні «Офіса за дэмакратычную Беларусь».

Начальнік упраўленьня зьнешнепалітычнага аналізу МЗС Беларусі Вячаслаў Качанаў заявіў на канфэрэнцыі пра неабходнасьць збліжэньня Эўразьвязу і Эўразійскага эканамічнага саюзу — так званай «інтэграцыі інтэграцыяў». На ягоную думку, адназначнага выбару паміж Захадам і Ўсходам рабіць ня трэба, што прадэманстравалі падзеі ва Ўкраіне.

«Падзеі ў рэгіёне сталі важкім доказам таго, наколькі небясьпечнай можа стацца сытуацыя абсалютызаванага геапалітычнага выбару, які не пакідае месца ні нацыянальным інтарэсам, ні часам нават здароваму сэнсу», — адзначыў Качанаў.

Прадстаўнік МЗС яшчэ раз заявіў, што ў сёньняшніх складаных умовах Беларусь — фактычна «донар бясьпекі».

ІК, Радыё Свабода