Пісьмовай заявы Беларусі з рыскага саміту не знайсьці
Пра гэта паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Іварс Ласіс. Ён згадаў, што агульны дакумэнт быў ухвалены паводле формулы 28+6, то бок 28 краінамі Эўразьвязу і 6 краінамі «Ўсходняга партнэрства».
А калега спадара Ласіса зь Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык на просьбу Свабоды сёньня паведаміў сутнасьць тлумачальнай заявы:
«Гэты тэкст быў перададзены Эўрапейскай службе зьнешніх дзеяньняў з просьбай далучыць яго да дэклярацыі. У згаданай заяве быў яшчэ раз выкладзены падыход Беларусі да падрыхтоўкі выніковага дакумэнту рыскага саміту „Ўсходняга партнэрства“.
У прыватнасьці, была падкрэсьлена важнасьць пошуку „агульных назоўнікаў“, а таксама неабходнасьць пазьбягаць ацэнак і заяваў, якія толькі правакуюць рост напружанасьці і канфрантацыі ў рэгіёне і не спрыяюць пошуку вырашэньня існуючых праблемаў.
Беларускі бок выказаў жаль, што ня ўсе выкладзеныя Беларусьсю заклапочанасьці ў гэтым пляне былі належным чынам улічаныя ў выніковай сумеснай дэклярацыі. І адзначана, што шэраг яе палажэньняў, у прыватнасьці трэці параграф, ня ў поўнай меры адлюстроўваюць пазыцыю Рэспублікі Беларусь».
Спадар Мірончык яшчэ раз падкрэсьліў, што поўны тэкст тлумачальнай заявы Беларусь перадала ў Эўрапейскую службу зьнешніх дзеяньняў. І толькі туды трэба зьвяртацца, каб пабачыць гэты дакумэнт.
У Рызе міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей казаў журналістам, што Беларусь не прымае пэўныя параграфы супольнай дэклярацыі, у якіх прысутнічаюць канфрантацыйныя пасылы на адрас трэціх краін — а менавіта Расеі. Ён таксама адзначыў, што ня ўсе галоўныя хваробы «Ўсходняга партнэрства» трэба шукаць у зьнешніх фактарах. Шмат што залежала і залежыць ад самога Эўрапейскага Зьвязу.
«Усходняе партнэрства» — праграма Эўразьвязу па супрацы з шасьцю постсавецкімі краінамі: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. Ужо прайшлі чатыры саміты «Ўсходняга партнэрства» — у Празе, Варшаве, Вільні і Рызе.