Юры Рубцоў: Мяне наўмысна адлучылі ад прэсы
Новы прысуд Юрыю Рубцову быў вынесены тыдзень таму, 28 траўня. Пасьля абвяшчэньня прысуду палітвязень заявіў, што будзе яго абскарджваць, бо па-ранейшаму ня лічыць сябе вінаватым ва ўхіленьні ад адбыцьця «хіміі». Адвакатка, якая наведала Юрыя Рубцова 4 чэрвеня, паведаміла, што скарга ўжо падрыхтаваная, падаваць яе будуць 5 чэрвеня.
«Падрыхтавалі касацыйную скаргу, і заўтра ён яе адправіць. І я, са свайго боку, таксама адпраўлю. Перадала яму для далучэньня да скаргі дакумэнты, якія Пружанскі суд не далучыў да матэрыялаў справы. Пра тое, што міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітычным вязьнем», — паведаміла адвакатка карэспандэнту Свабоды.
Напярэдадні суду Юры Рубцоў галадаваў 50 дзён, дамагаючыся, каб працэс над ім быў адкрыты. Як цяпер пачуваецца вязень?
«Ён выглядае збольшага нядрэнна. Учора да яго прыяжджала на спатканьне жонка. Настрой у яго лепшы, чым быў да суду, не такі нэрвовы цяпер, як быў. Яго зьмясьцілі ў іншую камэру, там разам зь ім тры чалавекі. Выводзяць на шпацыры, на харчаваньне ня скардзіўся. Адзінае, на што скардзіўся, гэта што не перадаюць яму прэсы. Спасылаецца на перадачу, у якой было напісана, што перадаюць яму і газэты, а яны да яго не дайшлі. Лічыць, што яго наўмысна адлучылі ад прэсы, каб нічога ня ведаў, што адбываецца. Але на стаўленьне да сябе, на ціск ня скардзіўся».
“Адзінае, на што скардзіўся, гэта што не перадаюць яму прэсы…”
Адвакатка кажа, што да разгляду касацыйнай скаргі Юрыя Рубцова ў Берасьцейскім абласным судзе яе падабароннага будуць трымаць у сьледчым ізалятары Баранавічаў. Разгляд скаргі можа адбыцца ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня, не выключае адвакатка.
Жыхар Гомеля, грамадзкі актывіст Юры Рубцоў, які з канца 2014 году адбываў у вёсцы Куплін Пружанскага раёну 1,5 года «хіміі» паводле абвінавачаньня ў зьнявазе судзьдзі, 28 траўня быў асуджаны яшчэ на 2 гады зьняволеньня нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня. На «хіміі» Юры Рубцоў адмаўляўся працаваць на працах, якія яму прапаноўвалі, спасылаючыся на тое, што за іх быў прадугледжаны заробак ніжэйшы, чым сярэдні па Беларусі. Таксама актывіст пратэставаў супроць бяспраўнага становішча «хімікаў», якіх прымушаюць нібыта «добраахвотна» заключаць працоўныя дамовы з гаспадаркамі. На «хіміі» Юры Рубцоў зрабіў сабе тату «Лукашэнка, сыходзь». Раней на акцыі ён выходзіў у майцы з такім самым надпісам.