Навіны

«Независимая газета»: Беларусь чакае чарговая нацыяналізацыя

Менск яшчэ раз паслаў свету сігнал аб тым, што ніякі інвестар не застрахаваны ў Беларусі ад турмы.

Эканамічная грамадскасць краіны чакае чарговай нацыяналізацыі. Дзяржава памяняла дырэктара на прыватным заводзе «Мотавела», а мясцовыя назіральнікі абмяркоўваюць магчымыя прычыны арышту яго ўладальніка – Аляксандра Мураўёва, які прадстаўляе аўстрыйскі бізнэс, піша расейская «Незалежная газета».

Афіцыйнай інфармацыі што да лёсу ўладальніка «Мотавела» і самога заводу так і не з\’явілася. Хоцьпершыя чуткі пра тое, што ён арыштаваны, з\’явіліся ў мінулую пятніцу, 5 чэрвеня. Аднак ні ў адным з праваахоўных органаў – ні ў Следчым камітэце, ні ў КДБ, ні ў аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС – журналістам іх да гэтага часу не пацвердзілі. Адзіным фактам, які паказвае на наяўнасць праблемы, стала прызначэнне на пасаду дырэктара «Мотавела» экс-мэра Менска Мікалая Ладуцькі, які блізу паўгода быў беспрацоўным.

Пры гэтым ніякай інфармацыі аб працэдуры вызвалення ад пасады некалі прызначанага ўладальнікам завода дырэктара Казіміра Мароза не было. Аб затрыманні Мураўёва мясцовым журналістам паведамілі «інфармаваныя крыніцы». Яны ж сцвярджалі, што разам з Аляксандрам Мураўёвым арыштаваныя ягоныя браты, некаторыя супрацоўнікі – усяго 10 чалавек. Прычыны арышту гэтыя крыніцы называюць розныя. Хтосьці кажа пра невыкананне ўмоў інвестыцыйнай дамовы, хтосьці аб вывадзе капіталу.

Аляксандр Мураўёў, нягледзячы на расейскае прозвішча, з\’яўляецца прадстаўніком аўстрыйскага бізнэсу. Уласнік «Мотавела» – кампанія АТЕС Holding. Мураўёў таксама валодае такімі прадпрыемствамі ў Беларусі, як шклозавод «Ялізава», «Белеўратара», Гомельскі шклатарны завод, а таксама шклозаводам «Ворга» ў Смаленскай вобласці Расеі. Кампанія «Еліпак», якая належыць холдынгу, займаецца вытворчасцю поліэтыленавай плёнкі.

Гісторыя куплі «Мотавела» аўстрыйскім холдынгам у 2006 годзе не зусім празрыстая. Тады назіральнікі выказвалі здагадкі, чаму прадпрыемства прадалі так танна – за 7 млн даляраў. А экспэрты, якія тлумачаць такі кошт глыбокай стратнасцю завода, сумняваліся ў тым, што новы інвестар зможа яго рэанімаваць. Зрэшты, умовы, абумоўленыя пры продажы, былі сапраўды няпростымі. Новы ўласнік павінен быў укласці ў развіццё завода 20 млн даляраў, захаваць асартымент выпускаемай прадукцыі – ровары і матацыклы – і нарасціць аб\’ёмы продажаў.

Акрамя таго, неабходна было аддаваць пазыкі завода, які толькі банкам быў вінны блізу 10 млн даляраў. Сітуацыя на рынку не спрыяла росту продажаў – сыравіна і матэрыялы даражэлі, замежныя рынкі збыту закрываліся, на ўнутраным – расла канкурэнцыя. Як вынік – да 2013 года вытворчыя планы не былі выкананыя нават напалову, ды і пазыкі толькі збіраліся. Тады Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства, хоць і застаўся незадаволены, паабяцаў выплату пазык адтэрмінаваць, але ўсталяваў кантрольную дату – пачатак 2014 года.

Да таго часу да ўсіх папярэдніх праблем дадаўся агульны крызіс. Складанасці з’явіліся і ў іншых прадпрыемстваў АТЕС Holding. Летась Эканамічны суд Гомельскай вобласці адкрыў справу аб банкруцтве ў дачыненні да СЗАТ «Гомельскі шклатарны завод», затым – ТАА «Еліпак». У пачатку гэтага года чарговая справа аб банкруцтве была распачатая ў дачыненні да СЗАТ «Белеўрата». Мясцовыя СМІ, спасылаючыся на крыніцы, паведамлялі, што ў канцы 2014 года прадпрыемствы Мураўёва сталі правяраць, над ім пачалі згушчацца хмары, а дзяржава задумала маштабную нацыяналізацыю ўсёй ягонай маёмасці.

Экспэрты варожаць пра прычыны, якія падштурхнулі дзяржаву да такіх крокаў. Бо ні невыкананне вытворчага плана, ні нават трата заробленых грошай не з\’яўляюцца злачынствам. «У цывілізаваных краінах канфлікт паміж дзяржавай і прыватнай кампаніяй разглядае суд. Часта невыкананне інвестыцыйнай дамовы немагчымае праз незалежныя ад прадпрымальніка прычыны», – кажа з гэтай нагоды палітолаг Валерый Карбалевіч.

Беларусь, якая востра жыве ў нястачы замежных інвестыцый, яшчэ раз паслала свету сігнал аб тым, што ніякі інвестар не застрахаваны ў гэтай краіне ад турмы, а індывідуальныя льготы – гэта, як і паказваюць шматлікія экспэрты, значна большае зло, чым годнасць беларускага бізнэс-клімату. «Мураўёў набываў беларускія прадпрыемствы без конкурсу, тэндэру, што само па сабе парушэнне заканадаўства, з ім дамовіліся «паводле паняццяў». Ягоны бізнэс у Беларусі – гэта класічны прыклад індывідуальных ільгот. Вось чым сканчаюцца для замежных прадпрымальнікаў гэтыя льготы», – разважае Карбалевіч. Экспэрт здзіўляецца, як на чале прыватнага прадпрыемства апынуўся былы чыноўнік, бо пакуль дзяржава не вярнула сабе завод.

Мясцовыя назіральнікі ўспамінаюць гісторыю з кандытарскімі прадпрыемствамі «Камунарка» і «Спартак», якія таксама забралі ў замежнага інвестара паводле вуснага загаду Лукашэнкі, а потым фармалізавалі гэта.

Дарэчы, урад Беларусі рыхтуе праект праграмы прыцягнення ў краіну замежных інвестыцый. «Ці шмат яшчэ ў свеце засталося тых, хто рызыкне паспрабаваць спецыфічныя беларускія ўмовы вядзення бізнэсу?» – задаецца рытарычным пытаннем Валерый Карбалевіч.

Выказваюцца ў экспэртным асяроддзі і іншыя меркаванні аб інцыдэнце. На ўзроўні чутак абмяркоўваецца і тэма перадзелу ўласнасці. Кажуць, што актыў «Мотавела» не надоўга застанецца дзяржаўным і можа неўзабаве перайсці ва ўласнасць яшчэ больш набліжанага да ўлады прадпрымальніка – кіраўніка холдынгу «Амкадор» Аляксандра Шакуціна.

Раздаюцца і з\’едлівыя каментары аб тым, што гуляць у азартныя гульні з беларускай уладай небяспечна і сабе даражэй, бо дзяржаўны «дах» вельмі хутка можа стаць кратамі.

Хартыя\’97