Навіны

Надзея Саўчанка год у маскоўскім палоне

Год таму прарасейскія баевікі захапілі ў палон украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку. Пасьля яе перавезьлі на тэрыторыю Расеі і ўтрымліваюць у маскоўскай турме.

Як перадае УНІАН, прадстаўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Лысенка сёньня сказаў на брыфінгу ў Кіеве:

«Сёньня — гадавіна з таго чорнага дня, як трапіла ў палон Надзея Саўчанка. Яе невінаватасьць, незаконнасьць перамяшчэньня і ўтрыманьня на тэрыторыі Расеі ўжо неаднаразова былі даказаныя яе адвакатамі і аўтарытэтнымі экспэртамі. Нягледзячы на шматмесячныя галадоўкі, высокае званьне Героя Ўкраіны, мандат народнага дэпутата, сябра ўкраінскай дэлегацыі ў ПАРЭ, расейская ўлада адмаўляецца яе вызваліць — як і многіх іншых палітвязьняў-украінцаў», — сказаў Лысенка.

Надзею Саўчанку выкралі баевікі ў Данбасе, а затым яе перавезьлі ў Расею, дзе абвінавацілі ў датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў. У той жа час, паводле дадзеных абароны, яна не магла быць датычная да гібелі журналістаў, бо трапіла ў палон яшчэ да іх сьмерці.

26 кастрычніка 2014 году на пазачарговых выбарах Саўчанку абралі народным дэпутатам па сьпісе партыі «Бацькаўшчына». Вярхоўная Рада дэлегавала яе ў ПАРЭ.

24 красавіка сёлета Сьледчы камітэт Расеі прад’явіў Саўчанцы канчатковае абвінавачваньне ў нібыта дапамозе ў забойстве дзьвюх і больш асобаў і ў незаконным перасячэньні мяжы.

21 мая яе адвакат Марк Фейгін заявіў, што папярэдняе сьледзтва завершана. Фейгін адзначыў, што Саўчанку абвінавачваюць па трох эпізодах: дапамаганьне ў забойстве расейскіх журналістаў, незаконнае перасячэньне мяжы Расеі, а таксама замах на забойства пяці чалавек. Маюцца на ўвазе грамадзяне, якія выратаваліся пасьля абстрэлу расейскіх карэспандэнтаў пад Луганскам, сказаў ён.

6 мая Басманны суд Масквы падоўжыў тэрмін арышту Саўчанцы да 30 чэрвеня.

Маскоўскі гарадзкі суд 10 чэрвеня па хадайніцтве Сьледчага камітэту РФ падоўжыў тэрмін арышту Саўчанкі яшчэ на тры месяцы — да 30 верасьня, усяго да 15 месяцаў утрыманьня пад вартай.

Радыё Свабода