Марылуіза Бек: Мы страцілі давер да Лукашэнкі
Захад цяпер павінен падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць.
Пра гэта дэпутат нямецкага Бундэстагу Марылуіза Бекраспавяла ў інтэрв\’ю «Радыё Свабода».
Марылуіза Бек узяла ўдзел ва Вроцлаўскім Глабальным форуме, галоўнай тэмай якога стала бяспека ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне і расейска-ўкраінскі канфлікт на Данбасе.
– Падчас Вроцлаўскага Глабальнага форуму шмат гаварылася, што цяпер, абмяркоўваючы Украіну, мы кажам пра бяспеку ў цэлым рэгіёне. У новым канфлікце Захад-Крэмль Беларусь нібы апынулася на «лініі фронту». На вашу думку, як цяпер варта паводзіць сябе еўрапейскім лідарам у дачыненні да Беларусі?
– Вельмі цяжкае пытанне. З аднаго боку знакі, пасланыя Лукашэнкам, што ён хоча зноў адкрыцца Захаду, павінны быць пачутыя, але з іншага боку – мы маем досвед супрацоўніцтва з ім. Мы, у тым ліку Еўразвяз і АБСЕ, працуем над тым, каб вярнуць у Беларусь дэмакратыю, сумленныя выбары, палітычную канкурэнцыю. На жаль, мы вельмі расчараваліся, назіраючы за разгонам дэманстрацыяў і арыштамі палітычных апанентаў. Мы страцілі давер да Лукашэнкі. Зразумела адно. Калі Лукашэнка рэальна хоча павярнуцца да Захаду, а не толькі атрымаць фінансава дапамогу, то павінен адкрыць краіну.
– Цягам апошніх месяцаў у Беларусі адбываліся агульныя з расейцамі вайсковыя вучэнні. Што гэта значыць: Лукашэнка дэманструе вернасць Пуціну, ці гэта Пуцін дэманструе свой кантроль над Беларуссю?
– Вучэнні? У Нямеччыне пра гэта не пісалі. Мабыць, Лукашэнка вагаецца, ён спрабуе балансаваць дзесьці пасярэдзіне: паміж суверэнітэтам Беларусі, дзякуючы чаму ён застаецца прэзідэнтам, і Расеяй. Расея не дазваляе яму ніякім чынам паварушыцца. А ягоныя заявы аб Украіне – гэта хутчэй сігнал, маўляў, я спадзяюся, мая краіна не паўторыць шлях Крыма.
– Вы добра ведаеце беларускую апазіцыю, і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. У новай сітуацыі што і каго Еўразвязу варта падтрымліваць у Беларусі?
– У такіх краінах, як Беларусь, перш за ўсё трэба ўмацоўваць грамадзянскую супольнасць. Грамадзяне ў такіх краінах павінны ўсвядоміць гонар за сваю супольнасць, горад і цэлую краіну. Немагчыма пабудаваць стабільную дэмакратыю, калі няма трывалай апоры сярод людзей. І справа тут не ў палітычных партыях, у іх росце ці не. Гэта ўсё ляжыць глыбей у грамадстве. Лукашэнка не можа быць палітычным партнёрам, бо ён не дэмакратычны лідар. Апазіцыйныя партыі цяпер не вельмі моцныя. А таму вельмі важна падтрымаць грамадзян. Трэба падтрымліваць тыя ініцыятывы, якія працуюць у культурным, сацыяльным, праваабарончым кірунках. Гэта тое, што робіць грамадства жывым і дэмакратычным.