Статкевічу далі тры гады турэмнага рэжыму
У Шклоўскай калёніі № 17 адбыўся суд над экс-кандыдатам у прэзыдэнты, палітвязьнем Мікалаем Статкевічам.
11:45 Міколу Статкевічу прысудзілі тры гады крытай турмы. Як і прасіла адміністрацыя калёніі, палітвязьня прызналі злосным парушальнікам рэжыму. Пастанова суду не прадугледжвае абскарджваньня.
Паводле адваката, Мікола Статкевіч выглядае добра і вырак успрыняў мужна. Яго жонка, Марына Адамовіч, назвала пастанову судзьдзі несправядлівай, але чаканай. Яна кажа, што на іншае і не спадзявалася. «Правасудзьдзе ў Беларусі ўжо даўно памерла», сказала яна.
10:00 Адміністрацыя ўстановы патрабавала пакараць палітвязьня ўзмоцненым рэжымам зь пераводам яго ў крытую турму на тры гады.
Разглядаў справу шклоўскі судзьдзя Волкаў. Жонку Статкевіча Марыну Адамовіч, якая прыехала ў Шклоў, не пусьцілі ў калёнію на працэс, бо гэта, маўляў, не прадугледжана заканадаўствам.
Спадарыня Марына сказала карэспандэнту Свабоды, што не спадзяецца на справядлівы вырак:
“Калі б усё адбывалася па справядлівасьці, то гэтага суду не было б.”
Паводле яе інфармацыі, у Міколы Статкевіча праблемы са здароўем, ён моцна кашляе.
Журналісты знаходзяцца за 200 мэтраў ад калёніі, тут жа стаіць пост супрацоўнікаў гэтай установы ў форме ўнутраных войскаў. Аўтастаянка перагароджаная фургонам з прычэпам. Там таксама каля дзесяці супрацоўнікаў калёніі. На аўтастаянку ўезд усім забаронены.