Выбары

Вячаслаў Сіўчык вяртаецца ў Беларусь: Трэба выкарыстаць памылку Лукашэнкі… (+ відэа)

Лідар руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык збіраецца вяртацца на Беларусь пасля 5-гадовай палітычнай эміграцыі.

Вячаслаў Сіўчык у Кіеве падчас Майдану

Кіраўнік руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык напярэдадні “выбарчага фарсу” звярнуўся да сяброў і прыхільнікаў руху.

“Выбарчыя фарсы адбываюцца з 96-га года з дзіўнай рэгулярнасцю. Ярмошына, якая ачольвае ЦВК, ужо даўно выйшла б з турмы па выніках першых фарсаў, якія праводзіла “бліскуча”; гэтак жа “бліскуча” хоча правесці і гэты выбарчы фарс. Розніца між сёлетнім выбарчым фарсам і ўсімі астатнімі палягае толькі ў двух аспектах: сітуацыя рэзка змянілася ў звязку з расійскай агрэсіяй супраць Украіны, а Лукашэнка пабаяўся выпусціць з турмы Міколу Статкевіча, чым падкрэсліў свае недахопы, свае чалавечыя комплексы. І даў нам шанец пазмагацца пад час гэтай выбарчай кампаніі”, – кажа Вячаслаў Сіўчык.

Рух салідарнасці “Разам” падтрымаў вылучэнне Міколы Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты і цяпер трэба стварыць выбарчы штаб руху, які мусіць дзейнічаць разам з саюзнікамі, найперш з БДСП (Народная Грамада) – партыяй Міколы Статкевіча, якая вылучае палітыка ў прэзідэнты. Штаб мусіць правесці мабілізацыю сябраў і прыхільнікаў у ініцыятыўную групу.

“У межах кампаніі трэба выконваць праграмныя мэты руха салідарнасці “Разам” – барацьба з этнацыдам, падтрымка прадпрымальнікаў і вызваленне палітвязняў. Трэба  стварыць аўтарытэтную структуру, якая б мела адну задачу – вызначаць, хто ёсць палітвязень”, – адзначае В.Сіўчык.

“Я буду вяртацца на Беларусь перад выбарчым фарсам. Але ў мяне няма ілюзій, што мне ўдасца ўплываць на будучыя падзеі, у тым ліку – і кіраваць самым рухам. Таму неабходна з’яўленне новых людзей, новых лідараў, бо ідэі,  дзеля якіх ствараўся наш рух, – правільныя. І наша задача застаецца ранейшай – змагацца нават у тых умовах, якія ёсць, каб Беларусь стала нармальнай еўрапейскай краінай”, – заключыў В.Сіўчык.

Беларуская праўда