Выбары

Мікалай Статкевіч: Вылучэнне, як маральная акцыя

Мікалай Статкевіч даў згоду на сваё вылучэнне.

Ён напісаў:

Сачу за развіццём падзей і разумею, што аб’яднацца для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі дэмакратычныя силы не здолелі і ўжо не здолеюць.

А тыя, хто вылучае сваіх кандыдатаў, нічога ўцямнага пра мэты свайго ўдзелу, як і пра яго стратэгію, сказаць не могуць. Толькі вось прачытаў выказванне аднаго кіраўніка, што найлепшым варыянтам яны лічаць вылучэнне “чалавека, які ўвасабляе жаданне міру”. Але ж, найлепей гэтае сваё жаданне можна ўвасобіць, седзячы дома. Каштаваць будзе значна танней, ды і клопату меней. Гэта кот Леапольд можа прапанаваць мышам мір. Аналагічныя прапановы з боку мышэй вядуць толькі да распальвання апетыту ў катоў.

Шчыра кажучы, мець пасля гэтага хоць нейкае дачыненне як да такіх “выбараў”, так і да такіх “апазіцыянераў”, няма ніякага жадання. Праблема нават не ў тым, што ў мажлівых альтэрнатыўных кандыдатаў няма эфектыўнай стратэгіі. Бо ў сённяшняй сітуацыі яна можа каштаваць кандыдату вельмі дорага. Праблема, – у адсутнасці нават стратэгіі, якая б хоць выглядала маральнай.

Такая сітуацыя прымушае па-іншаму паглядзець на прапанову калегаў па “Народнай Грамадзе” і “Еўрапейскай кааліцыі” сфармаваць ініцыятыўную групу па майму вылучэнню кандыдатам. А пасля гарантаванай адмовы ў яе рэгістрацыі абвясціць байкот.

Не лічу, што такая стратэгія прынясе зараз істотны практычны вынік. Апошні раз падтрымоўваў байкот у асобных акругах, дзе адмовілі ў рэгістрацыі нашым кандыдатам, на парламенцкіх выбарах 2000 г. Тады ўдалося сарваць выбары ў тых акругах. Але ж пасля гэтага рэальных выбараў у Беларусі больш не было, толькі іх імітацыя. Нельга сарваць тое, чаго няма.

З іншага боку, разумею матывы ініцыятараў майго вылучэння. Людзі прыстойныя і з актыўнай пазіцыяй, не могуць як ўдзельнічаць у яўнай клаўнадзе, так і быць у баку ад палітычных падзей. Выглядае на тое, што вылучэнне патрэбна, найперш, ім самім, як маральная акцыя, якая засведчыць іх пазіцыю як да “выбараў”, так і да тых, хто гатовы пакорліва згуляць адведзеную ім ролю ў гэтым спектаклі. Думаю, што іх погляды падзяляюць дастаткова шмат людзей з розных дэмакратычных арганізацый ці з тых, што ў такія арганізацыі не ўваходзяць.

У самай складанай сітуацыі галоўнае – захаваць сваю маральную пазіцыю. Бо гэта значыць захаваць сябе, як асобу. Не магу адмовіць людзям, якія неаднаразова сцвярджалі сваю годную пазіцыю ў жорсткіх умовах, у іх праве зрабіць гэты маральны жэст. Бо, калі дэмакратычныя сілы будуць толькі “ўвасабляць жаданне міру”, то што тады застанецца ад дэмакратычных сілаў?

У сувязі з вышэйзгаданым, даю згоду на фармаванне ініцыятыўнай групы па майму вылучэнню. 

Магілёў, турма №4                                                                                Мікалай Статкевіч