Палітыка

Дзярждэпартамэнт ЗША пра Беларусь: палітычныя арышты, злоўжываньні, карупцыя

Сёньня Дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовы даклад аб стане правоў чалавека ў розных краінах сьвету.

У дакладзе, у прыватнасьці, адзначаецца, што ўлады Беларусі працягваюць «арышты па палітычных прычынах і выкарыстоўваюць адміністрацыйныя рычагі для затрыманьня палітычных актывістаў».

Даклад апісвае Беларусь як «аўтарытарную дзяржаву», дзе «ўлады адвольна арыштоўваюць, затрымліваюць, садзяць у турму грамадзянаў за ўдзел у дэманстрацыях і іншых формах палітычнай дзейнасьці».

Сярод праблемаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі Дзярждэпартамэнт ЗША адзначаезлоўжываньні з боку сілавых структур, якія жорстка абыходзяцца з падазраванымі і асуджанымі падчас расьследаваньня і ў турмах.

Судовая сыстэма краіны цярпіць ад палітычнага ўмяшаньня і адсутнасьці незалежнасьці, судовыя выракі часта вызначаюцца загадзя.

Улады таксама абмяжоўваюць грамадзянскія свабоды, уключаючы свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцыяў і сумленьня, па-ранейшаму перашкаджаюць дзейнасьці некаторых рэлігійных групаў.

Карупцыя ва ўсіх галінах улады таксама застаецца ў Беларусі праблемай, адзначаецца ў дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША.

Паводле дакладу, улады Расеі прынялі шмат захадаў для падаўленьня іншадумства.

Адзначаецца, што ўлады «выкарыстоўвалі закон аб „замежных агентах“, закон супраць экстрэмізму і іншыя сродкі, каб ціснуць, дыскрэдытаваць і/альбо перасьледаваць у судовым парадку фізычных і юрыдычных асобаў, якія крытыкуюць улады».

У дакладзе гаворыцца, што расейскія ўлады працягваў выкарыстоўваць законы супраць экстрэмізму, каб перасьледаваць некаторыя рэлігійныя меншасьці. Таксама ў Расеі былі прынятыя законы, якія дыскрымінуюць лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў.

У Расеі не зробленыя дастатковыя меры для прыцягненьня да адказнасьці або пакараньня чыноўнікаў, якія ўчынілі парушэньні, што стварае клімат беспакаранасьці.

svaboda.org