Алесь Бяляцкі: Улады дзейнічаюць савецкімі карнымі метадамі
Шэсць палітвязняў застаюцца за кратамі ў Беларусі, сярод іх – экс-кандыдат у прэзідэнты на «выбарах» 2010 года Мікалай Статкевіч.
Шэраг дэмакратычных структур аб\’ядналіся вакол ініцыятывы вылучэння Статкевіча і на цяперашніх «выбарах». Гэта павінна стаць праявай салідарнасці і прыцягнуць увагу грамадства да праблемы палітвязняў, на якіх па-ранейшаму ў месцах зняволення аказваецца ціск, нагадвае «Радыё Рацыя».
На днях стала вядома, што да Мікалая Дзядка, які адбывае пакаранне ў калоніі №9 у Горках, не пусцілі адваката. У сакавіку Мікалай павінен быў выйсці на волю пасля 4,5 гадоў зняволення, але яго пакаралі яшчэ на адзін году зняволення ў калоніі строгага рэжыму, – успамінае праваабаронца Алесь Бяляцкі:
– Прычым дадалі подла – за тры дні да заканчэння тэрміну. Ён атрымаў яшчэ дадатковы год. Гэта абсалютна савецкія прыёмы. Яны так рабілі з савецкімі дысідэнтамі. Як распавядаў Міхаіл Кукабака, калі ён сядзеў і яму заставалася тыдзень да заканчэння тэрміну, чарговы суд, тады тры гады давалі, зараз у нас сістэма постсавецкая – чалавек адпаведна атрымлівае год, ужо не тры, але гэта можа доўжыцца бясконца.
Успомнім, што першапачаткова Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на свабоду 3-га сакавіка 2015 года.