Праваабаронца Леанід Судаленка: Мяне затрымлівалі як тэрарыста
Гомельскі праваабаронца, затрыманы 24 траўня ў пункце пропуску «Каменны Лог», звярнуўся са скаргай у Ашмянскі раённы суд.
Леанід Судаленка спрабаваў дамагчыся вяртання яму канфіскаваных ноўтбука і друкаваных носьбітаў інфармацыі. Дасудовыя спробы «дастукацца» да дзяржаўнага мытнага камітэта поспеху не прынеслі, намеснік старшыні Уладзімір Арлоўскі накіраваў праваабаронцу ў суд, паведамляе«Радыё Рацыя».
Як мяркуе Леанід Судаленка, падчас затрымання супраць яго быў беспадстаўна выкарыстаны асабісты дагляд.
– Незразумела, чаму да мяне была выкарыстаная выключная форма – артыкул 117 Крымінальнага Кодэксу сцвярджае, што выключная мера ўжываецца толькі, калі ёсць довады, што чалавек нешта хавае пры пераездзе праз дзяржаўную мяжу. А мяне пачалі адразу затрымліваць як нейкага тэрарыста,– паведаміў ён.
Леанід Судаленка просіць суд прызнаць дзеянні супрацоўнікаў Ашмянскай мытні ў канфіскацыі ягоных асабістых рэчаў неправамернымі і ўскласці на мытню абавязак ліквідаваць парушэнне праз вяртанне ноўтбука і друкаванай прадукцыі.