Выбары

Валянцін Стэфановіч: Нормы Выбарчага кодэкса Беларусі, якія забараняюць заклікаць да байкоту выбараў, супярэчаць Канвенцыі СНД “Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод”

Грамадзкая кампанія па назіранню за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у сваёй справаздачы па выніках назірання за першым тыднем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ўжо адзначала, што палажэнні Выбарчага кодэкса ў часцы забароны закліка да байкоту выбараў супярэчаць Канвенцыі СНД “АБ стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод”.

У сувязі са шматлікімі дыскусіямі ў грамадстве краіны адносна ідэі байкоту выбараў хацелася б спыніцца на выключна прававым баку гэтага пытання.

Гісторыя пытання

Ідэя забароны публічных заклікаў да байкоту выбараў і вывядзенне іх па-за межы перадвыбарчай агітацыі з’явілася яшчэ падчас правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання ў верасні 2012 г.

Менавіта тады ў якасці своеасаблівага адказу на тактыку байкоту выбараў, якую праводзіў шэраг апазіцыйных партый, 29 жніўня 2012 Цэнтральнай выбарчай камісіяй (ЦВК) была выдадзеная Пастанова № 93. Згодна з дадзенай пастановай, заклікі да байкоту выбараў выводзілася за межы перадвыбарчай агітацыі. Трэба адзначыць, што выдаючы гэтую пастанову, якая фактычна забараніла публічныя заклікі да байкоту выбараў, ЦВК у парушэнне сваіх паўнамоцтваў выйшла па-за межы нормаў дзеючай на той момант рэдакцыі Выбарчага кодэкса, арт. 45 і 47 у прыватнасці.

Трэба нагадаць, што вынікам адвольна ўведзенай практыкі сталіся шматлікія факты затрыманняў і арыштаў грамадзянаў, якія публічна заклікалі выбаршчыкаў байкатаваць выбары.

25 лістапада 2013 года ўступіў у дзеянне Закон Рэспублікі Беларусь № 72-3, згодна з якім у арт. 47 і 49 Выбарчага кодэкса былі ўнесеныя змены, забараніўшыя публічна заклікаць да “зрыву, адмене ці пераносу выбараў”. За ажыцяўленне такіх заклікаў арт. 9.10 КаАП Республікі Беларусь прадугледжаная адмінстратыўная адказнасць у выглядзе папярэджання альбо штрафа ў памеры да 15 базавых велічынь. Варта адзначыць, што з прыняццем Выбарчага кодэкса ў 2000 годзе адміністратыўная адказнасць за публічныя заклікі да байкоту выбараў не ў дзень галасавання ў Беларусі была адмененая. І вось праз 13 гадоў яна з’явілася ізноў.

Ратыфікацыя Беларуссю Канвенцыі СНД аб стандартах дэмакратычных выбараў і яе прававыя наступствы

На гэтым можна было б і завершыць дадзены артыкул, калі б 4 студзеня 2014 г. тыя ж самыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, што некалькі месацаў да гэтага прымалі змены ў Выбарчы кодэкс і забаранілі заклікі да байкоту выбараў, не прынялі Закон аб ратыфікацыі Беларуссю Канвенцыі краінаў-удзельніц СНД “Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў”, падпісанай у г. Кішынёве 7 кастрычніка 2002 года.

Пікантнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што згодна з п. 8 арт. 9 дадзенай Канвенцыі прадугледжана, што грамадзяне могуць свабодна ажыцяўляць свае выбарчыя правы і свабоды, у тым ліку ў форме байкоту ці заклікаў да байкоту выбараў, адмовы ад выканання выбарчых працэдур ці выбарчых дзеянняў. Асобы і органы, дзейнасць якіх скіраваная на перашкоды свабоднаму ажыцяўленню грамадзянінам ягоных выбарчых правоў і свабодаў, павінна пераследвацца паводле закону.

Ці чыталі дэпутаты палажэнні Канвенцыі, за ратыфікацыю якой яны дружна прагаласавалі, ці не, зараз ужо значэння не мае. Факт застаецца фактам –палажэнні Выбарчага кодэкса ў часцы забароны публічных заклікаў да байкоту выбараў і адказнасці за такія заклікі, наўпрост супярэчыць палажэнням ратыфікаванай Канвенцыі, якая з’яўляецца міжнародным дагаворам.

Частка 4 арт. 6 Канвенцыі забараняе дзеянні, скіраваныя на перанос, зрыў выбараў і выбарчых працэдур, і нічога не гаворыць аб забароне заклікаў да добраахвотнай адмовы ад выбарчых працэдураў у адрозненні ад ч. 1 арт. 49 Выбарчага кодэкса. Грамадзянін мае права рэалізоўваць свае выбарчыя правы, як праз удзел у выбарах, так і праз адмову ад удзелу ў іх (прынцып добраахвотнага ўдзелу ў выбарах), а таксама заклікаць да такіх дзенняў іншых, што гарантавана п. 8 арт. 9 Канвенцыі.

Такім чынам, Канвенцыя прадугледжвае забарону дзеянняў, якія ствараюць перашкоды ці змушаюць выбаршчыкаў адмовіцца ад рэалізацыі сваіх выбарчых правоў (блакада выбарчых участкаў, знішчэнне выбарчай дакументацыі, фізічная перашкода яўцы выбаршчыкаў на ўчасткі і г.д.).

Паколькі Беларусь добраахвотна ўзяла абавязацельствы па выкананні Канвенцыі, гэта патрабуе ад уладаў краіны ў тым ліку прывядзення ў адпаведнасць Канвенцыі нормаў нацыянальнага заканадаўства. Пра гэта гаворыць арт. 8 Канстытуцыі Беларусі, згодна з якой Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрынятых прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае ім адпаведнасць заканадаўства.

А вось у арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 г. № 361-3 “Аб нарматыўна прававых актах Рэспублікі Беларусь” нашая краіна не толькі прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім нормаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, але і прызнае нормы, якія ўтрымліваюцца ў міжнародных дагаварах часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства, якое падлягае непасрэднаму прымяненню.

Такім чынам, грамадзяне нашай краіны маюць поўнае права безперашкодна ажыцяўляць свае выбарчыя правы ў тым ліку ў форме байкоту выбараў і заклікаў да яго.

Дзейнасць асобаў і органаў, якія будуць чыніць перашкоды ў свабодным ажыцяўленні такіх правоў, у тым ліку шляхам затрыманняў, запалохванняў, аказання іншых формаў уціску, будзе супярэчыць дзеючаму заканадаўству і павінна цягнуць устаноўленую законам адказнасць.

spring96.org