Палітыка

Роберт Тышкевіч: Беларусь павінна адмовіцца ад палітыкі рэпрэсій і правесці рэформы

Беларускія журналісты сустрэліся ў Варшаве са старшынём парламенцкага камітэта Сейма Польшчы ў замежных справах Робертам Тышкевічам.

Палітык адзначыў, што Польшча праводзіць тую ж палітыку ў дачыненні да Менска, што і ўсе гэтыя гады. І калі Беларусь жадае разлічваць на паўнапраўнае партнёрства з Еўропай, то варта «адмовіцца ад палітыкі рэпрэсій супраць свайго народа і правесці дэмакратычныя рэформы», паведамляе «Медыя-Палессе».

Са слоў Роберта Тышкевіча, палітыка Польшчы ў дачыненні да Беларусі грунтуецца на падтрымцы грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і свабодных медыяў у Беларусі. Гэта павінна дапамагчы беларусам у барацьбе за свабоду і дэмакратыю.

«Незалежна ад дзеянняў апазіцыі, мы падтрымліваем напрамкі дзейнасці незалежных медыя. І такія праекты, як «Белсат», праграма Каліноўскага, будуць працягвацца па-за залежнасцю ад палітычнай сітуацыі, гэта частка палітыкі Польшчы», – заявіў ён.

Як адзначалася на сустрэчы з Робертам Тышкевічам, ціск на журналістаў узмацняецца перад так званымі «выбарамі». Такім чынам, ставіцца пад сумнеў празрыстасць «выбарчай кампаніі».

Старшыня парламенцкага камітэта па замежных справах Роберт Тышкевіч выказаў надзею на тое, што незалежная прэса будзе выконваць сваю асноўную функцыю – аб\’ектыўна інфармаваць грамадзянская супольнасць аб падзеях, якія адбываюцца, у тым ліку, і ў свеце, што паслужыць у далейшым збліжэнні Беларусі з Еўразвязам.

Група беларускіх журналістаў пабывала ў Польшчы ў рамках праекта «Прэс-клуб Беларусь».