Улады не хочуць здымаць прэвентыўны нагляд з Міколы Аўтуховіча
Адмыслова для разгляду справы былога палітычнага вязня Міколы Аўтуховіча ў Гародні склікалі судовую калегію з трох суддзяў. Яна разглядала справу аб падаўжэнні прэвентыўнага нагляду. Раённы суд Ваўкавыску яшчэ ў ліпені вынес рашэнне адносна прэвентыўнага нагляду над Аўтуховічам і не дазволіў міліцыі падоўжыць яго. Аднак выканаўца абавязкаў пракурора Ваўкавыскага раёну вынес прыватны пратэст на пастанову суда. Спачатку позва ў суд была на 6 жніўня, але пазней прынеслі новую – на 5-га. Калегія ў Гародні пастанавіла падтрымаць пратэст пракурора і Міколу Аўтуховіча чакае новы суд:
– Вельмі спяшаюцца. Каб яны рабілі ўсё па законе, дык адбыўся гэты судовы працэс назаўтра, таму і спяшаюцца. Яны крыху „прамаргалі”. Нехта, той, хто трымаў гэта на кантролі, ці ў адпачынак ездзіў, ці кудыя яшчэ, і вось прыехаў і ўсё тут паставіў на месца. Калі я суду сказаў, што я ведаю, што гэта загад, бо такія справы ў сераду не разгядаюцца, іх разглядаюць толькі па чацвяргах. І яны галовы паапускалі, бачаць, што чалавек трапіў у самую кропку.
Пасля вынесенага рашэння Мікола Аўтуховіч накіраваў скаргу на дзеянне адваката і судовай калегіі, і думае, што ўжо 6 жніўня ў Ваўкавыску яго зноў чакае суд. Менавіта 6 жніўня завяршаецца раней устаноўлены тэрмін прэвентыўнага нагляду над ім.