Навіны

Беларусы Статкевіча не забылі (+ 3 відэа)

Сёння 59-ты дзень нараджэння адзначае Мікола Статкевіч, экс-кандыдат на прэзідэнта, лідар апазіцыі. Адзначае за кратамі Магілёўскай турмы № 4, адной з самых жорсткіх у Беларусі. На 6 гадоў пазбаўлення волі яго асудзілі за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Міжнародныя арганізацыі прызналі Міколу палітвязнем. Беларусы Статкевіча не забылі.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Ведаю, што гэта быў кандыдат у прэзідэнты. І яго пасадзілі ў турму».
«Ён адзін з лідэраў апазіцыі, і пасля выбараў 2010 трапіў у турму паводле несправядлівага абвінавачання».
«Калі па тэлеку прамы эфір глядзеў, там кандыдаты заклікалі не чапаць ні міліцыю, нікога. Я лічу, што гэта ўсё было падстроена».

Адбыццё тэрміну Статкевічу зрабілі амаль невыносным. Турэмная адміністрацыя прыдумвае ўсё новыя спосабы ціску, у тым ліку праз кантраляваных ёй «зэкаў».

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА МІКАЛАЯ СТАТКЕВІЧА:
«4-га траўня ён быў паўторна пераведзены ў крытую турму, як злосны парушальнік рэжыму, і таму зараз камунікацыі з воляй гранічна абмежаваныя. Ён мае права на адно кароткае 2-гадзіннае спатканне на год, на аднубандэрольку і на перапіску, атрыманне прэсы як бы без абмежаванняў».

Вядома, што большасць лістоў і тэлеграмаў Статкевічу не аддаюць, нават на Дзень народзінаў. Злоснага парушальніка рэжыму Лукашэнкі спрабуюць максімальна ізаляваць ад свету. І ад святла таксама – турма-то крытая, неба не відаць. Таму людзі, што падтрымліваюць палітвязня, зладзілі інтэрнэт-флэшмоб «Неба для Статкевіча». Беларусы і замежнікі публікуюць фатаграфію неба ды пішуць петыцыю з патрабаваннем вызвалення Міколы. Графіці «Свабоду Статкевічу» сёння зноўку з’явіліся ў Менску. Мікола Статкевіч не баяўся рэзкіх словаў на адрас Аляксандра Лукашэнкі, калі ішоў на палітычнае змаганне з ім.

МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ, КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА БЕЛАРУСІ:
«Чаму не прыйшоў гэты чалавек? Ён што, баіцца мужчынскай размовы? Вочы ў вочы? У 94-м годзе Кебіч прыйшоў і размаўляў. Ён што, толькі з халуямі можа размаўляць, ці што?»

І сваёй мэтаю кандыдат Статкевіч ставіў пераламаць рэжым, а не дамовіцца з ім. Даць людзям свабоду, а не стабільнасць.

МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ, КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА БЕЛАРУСІ:
«Улада імкнецца запалохаць кандыдатаў у прэзідэнты, каб яны не выяўлялі найперш вулічнай актыўнасці. Бо ўсё астатняе, ўсё гэтае шоў яны кантралююць».

Аляксандр Лукашэнка наўпрост кажа, што Статкевіч будзе сядзець за сваю бескампраміснасць.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
«Мы ж амаль усіх вызвалілі, адзін застаўся вялікі дзяяч. Ён хоча быць у турме».

Аднак, як і ў выпадку іншых палітвязняў, Лукашэнка гатовы да дыялогу з Захадам па гэтым пытанні.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
«Калі выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то будзе сядзець і геройстваваць там».

Сам Статкевіч адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэнне аб памілаванні ды асуджае гандаль палітвязнямі ў абмен на крэдыты і адмену санкцыяў.

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА МІКАЛАЯ СТАТКЕВІЧА:
«Ён сказаў, што гэтае інтэрвью вельмі нагадвае аб’яву ў газеце »Из рук вруки«, дзе ў канцы прыпісана »Торг уместен«. Што тычыцца ягоных спадзяванняў на хуткае вызваленне, то ён, канешне, на яго не спадзяецца».

Падчас тэлефанавання жонцы Мікола Статкевіч сказаў, што ведае аб кампаніі салідарнасці. І дзякуе за неба.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»