Навіны

Павел Сапелка: МУС скарачае і без таго абмежаваныя правы зняволеных

Самавольства адміністрацый месцаў пазбаўлення волі робіць жыццё зняволеных яшчэ больш цяжкім і шэрым. Турэмныя цэнзары не дазволілі Яўгену Васьковічу даведацца аб магчымасці дыстанцыйнага навучання ў ЕГУ, нагадвае palitviazni.info.

У перапісцы з сябрамі арганізацыі Яўген пісаў, што абдумвае ідэю дыстанцыйнага навучання ў ЕГУ. У адказ, акрамя напісанага ад рукі ліста, яму даслалі некалькі старонак друкаванага тэксту з правіламі паступлення і навучання ў гэтай установе: плата за навучанне, працэдура рэгістрацыі, парадак залічэння, атэстацыі ды інш.

Канверт вярнуўся залеплены скотчам, з паметкай «В. не положено. См. в нутри»(арфаграфія паслання захаваная).

Сітуацыю каментуе юрыст Павел Сапелка (на фота):

«У адпаведнасці з Мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання з зняволенымі, прынятымі 60 гадоў таму, з самага пачатку зняволення варта думаць пра будучыню, якая чакае зняволенага пасля вызвалення. Таму варта падтрымліваць і ўмацоўваць ягоныя сувязі з асобамі і ўстановамі за межамі турмы, якія будуць спрыяць ягонаму далучэнню да жыцця на волі.

Гэтая навіна пра палітвязня агаліла адразу дзве праблемы, якія робяць жыццё зняволеных яшчэ больш цяжкім і шэрым.

Па-першае, самавольства адміністрацый месцаў пазбаўлення волі пры разглядзе пытанняў, звязаных з атрыманне лістоў, кніг ды іншай літаратуры: з аднаго боку, ёсць агульнае правіла, паводле якога у парадку, устаноўленага Крымінальна-выканаўчым кодэксам, зняволеныя маюць права атрымліваць пакеты, перадачы, бандэролі і дробныя пакеты, грашовыя пералічэнні, весці перапіску і тэлефонныя размовы, а таксама адпраўляць пакеты, бандэролі, дробныя пакеты блізкім сваякам, а з дазволу адміністрацыі папраўчай установы – і іншым асобам. Пакеты, перадачы, бандэролі і дробныя пакеты, якія паступілі не ад блізкіх сваякоў, уручаюцца асуджаным з дазволу начальніка папраўчай установы. З іншага боку, пералік і колькасць рэчаў і аб’ектаў, якія дазваляецца мець пры сабе асуджаным, устанаўляюцца зацверджанымі МУС Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў. Захоўванне асуджанымі пры сабе грошай, каштоўных папер ды іншых каштоўнасцяў, а таксама рэчаў, не пазначаных у пераліку, не дапускаецца. Так МУС адвольна, без дастатковага абгрунтавання скарачае і без таго абмежаваныя правы зняволеных.

Кодэкс прадугледжвае, што асуджаным да пазбаўлення волі дазваляецца атрымліваць і адпраўляць лісты без абмежавання іх колькасці. Адпраўленне лістоў і тэлеграм ажыццяўляецца за кошт асуджаных. Карэспандэнцыя, якая атрымліваецца і дасылаецца асуджанымі, за выняткам накіраванай у кантрольныя органы, падлягае цэнзуры. Ніякіх спасылак на тое, што ёсць нейкая магчымасць абмежаваць гэтае права. Таму ўсякія дадатковыя абмежаванні, якія накладаюцца на зняволеных са спасылкай на Правілы, з\’яўляюцца незаконнымі. Паводле агульнага прынцыпу, цэнзура павінна служыць інтарэсам бяспекі і спыняць супрацьпраўную дзейнасць.

Асуджаныя да пазбаўлення волi могуць навучацца завочна ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі пры яго арганізацыі на тэрыторыі папраўчых устаноў.

Атрыманне асуджанымі агульнай базавай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, стварэнне, рэарганізацыя і ліквідацыя устаноў адукацыі на тэрыторыі папраўчых устаноў ажыццяўляюцца ў парадку, якi ўстанаўляецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».