Навіны

Валянцін Стэфановіч: Сутнасць улады ў Беларусі не змянілася

Вызваліўшы Мікалая Статкевіча і яшчэ пяцярых палітвязняў, Аляксандр Лукашэнка чакае крокаў у адказ з боку ЕЗ і ЗША.

Пра гэта паведаміў у інтэрв\’ю БелаПАН намеснік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

«Мне здаецца, момант вызвалення палітвязняў абраны не выпадкова. З выбарамі атрымліваецца трохі смешная гісторыя. Дзеянні ўсіх таварышаў, якія заявілі аб сабраных подпісах, выклікаюць сумневы, – сказаў ён. – Вызваленне палітвязняў можа згладзіць шурпатасці правядзення выбараў. Хоць улады і так стараліся іх згладжваць, не рэагуючы на некаторыя крокі апазіцыйных прэтэндэнтаў».

Стэфановіч мяркуе, што Лукашэнка, падпісаўшы ўказ аб памілаванні, «можа разлічваць на сустрэчныя крокі, як мінімум, скарачэнне або поўную адмену санкцый, паляпшэнне стасункаў з ЕЗ, развязанне фінансавага пытання».

Пастанова Лукашэнкі памілаваць палітвязняў, мяркуе праваабаронца, звязаная з агульнай сітуацыяй вакол Беларусі.

«Гэта і геапалітычная сітуацыя, і выбарчая кампанія, і жаданне наладзіць паўнавартасны дыялог з ЕЗ і ЗША. Больш за паўгода мы назіралі за прыезд разнастайных высокапастаўленых заходніх чыноўнікаў. У аднабаковым парадку часткова ўжо былі знятыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Не апошнюю ролю адыгрывае і цяжкая эканамічная сітуацыя, бо ўрад мае патрэбу ў грошах», – сказаў ён.

Стэфановіч звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка падпісаў «указ аб памілаванні без наяўнасці саміх прашэнняў аб памілаванні». Пры гэтым некалькі месяцаў таму ён адмовіў Арцёму Пракапенка ў задавальненні просьбы аб памілаванні.

«Мы, праваабаронцы, гэты крок уладаў, вядома, вітаем, – заявіў Стэфановіч. – Гэта менавіта той крок, якога мы дамагаліся, на якім настойвалі, якога патрабавалі. Прычым гэтага патрабавалі не толькі мы, але і міжнародная праваабарончая супольнасць».

У той жа час, адзначыў праваабаронца, сама па сабе сутнасць улады ў Беларусі не змянілася.

«Не змянілася рэпрэсіўная практыка заканадаўства і практыка яго прымянення. Хацелася б, каб гэта быў першы крок да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, я маю на ўвазе свабоду сходаў і асацыяцый, выказвання меркавання, атрымання і распаўсюду інфармацыі і гэтак далей», – сказаў ён.

Праваабаронцу таксама турбуе «справа графіцістаў». «Той аб\’ём абвінавачванні, які нам вядомы, на нашу думку, не з\’яўляецца падставай для ўтрымання пад вартай, тут таксама прасочваюцца палітычныя матывы», – адзначыў Стэфановіч.