Навіны

Заўтра Мікалай Статкевіч пойдзе станавіцца на ўлік у РУУС

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч, які выйшаў на волю ў мінулую суботу, раніцай 24 жніўня пойдзе ў РУУС паводле месца жыхарства, каб стаць на міліцэйскі ўлік.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч і яшчэ пяцёра палітвязняў былі вызваленыя 22 жніўня закрытым указам Аляксандра Лукашэнкі.

Прыбыўшы ў Менск з Магілёва ў суботу ўвечары, Статкевіч распавёў журналістам, што не разлічваў выйсці на волю да прэзідэнцкіх выбараў (11 кастрычніка). Сваё вызваленне ён звязвае з тым, што «ў рэжыма скончыліся грошы». Статкевіч падкрэсліў, што ён не прасіў Лукашэнку аб памілаванні.

Як паведаміў былы палітвязень, найбліжэйшымі днямі плануе сустрэцца з кіраўнікамі апазіцыйных структур, каб абмеркаваць з імі далейшыя дзеянні.

На пытанне, ці будзе ён у далейшым займацца палітыкай, Статкевіч адказаў, што не назваў бы гэта палітыкай, але ён працягне барацьбу за нармальнае жыццё ў Беларусі, «якую ніколі не спыняў».

Мікалай Статкевіч правёў у зняволенні без малога пяць гадоў. Ён быў арыштаваны 20 снежня 2010 года адразу пасля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, выкліканай афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.