Мікалай Аўтуховіч гатовы дамагацца скасавання прэвентыўнага нагляду ў Камітэце ААН
Былы палітвязень найбліжэйшым часам абскардзіць пастанову ў старшыні Гарадзенскага абласнога суда.
Мікалай Аўтуховіч, каментуючы “выбрыкі Феміды”, перакананы ў іх заказным характары:
“У чарговы раз суддзі проста выканалі загад, нават не ўнікаючы ў нейкія юрыдычныя аспекты. Пры гэтым яны робяць выгляд, што ўсё адбываецца правільна і справядліва. А як тут яшчэ растлумачыш, калі табе ўначы прыносяць дадому позву ў суд, які адбудзецца заўтра , або калі дакументы з абласнога суда ў ваўкавыскі суд лётаюць чатыры гадзіны, нібы ў паветры, калі звычайна на гэта сыходзяць тыдні “.
Сапраўды, на судзе высветлілася, што ў справе адсутнічае пратакол судовага пасяджэння, згодна з якім Аўтуховічу быў працягнуты прэвентыўны нагляд. Аўтуховіча азнаёмілі зусім з іншым пратаколам, названым чамусьці ліпенем, а не жніўнем.
Адвакат таксама звярнуў увагу на такую акалічнасць: факт разгляду справы ў Ваўкавыскім раённым судзе адбыўся без удзелу самога Аўтуховіча, які знаходзіўся ў шпіталі і хадайнічаў аб пераносе справы. Фактычна ён быў пазбаўлены права на абарону, гарантаванага заканадаўствам.
Акрамя таго, адвакат адзначыў заангажаванасьць судовага працэсу, паколькі пасля першага суда ў Ваўкавыску, які адмовіў у прадаўжэнні прэвентыўнага нагляду, была вельмі хутка тэрмінова праведзеная абласная судовая калегія, дзе скасавалі пастанову суда, а ўжо на наступны дзень, з касмічнай хуткасцю, адбылося паўторнае паседжанне ваўкавыскага раённага суда.
Фактычна, на паўторным пасяджэнні прэвентыўны нагляд прадпрымальніку быў падоўжаны на паўгода за ўсё за адно нязначнае парушэнне.
Усе гэтыя довады былі ігнараваныя як пракурорам, так і калегіяй суддзяў.
Мікалай Аўтуховіч чакаў такога выніку і зусім не губляе аптымізму:
“Трэба ісці далей, шукаць іншыя магчымасці для аднаўлення справядлівасці. Ёсць магчымасць абскардзіць пастанову ў старшыні Гарадзенскага абласнога суда, а калі патрабуецца – то і ў Вярхоўным судзе. Далей – скарга ў Камітэт правоў чалавека ААН. Галоўнае – не губляць аптымізму”.
– Незразумела і нелагічна ў гэтай справе толькі адно, – кажа Аўтуховіч. – З аднаго боку ўлады адпусцілі на свабоду палітвязняў, то чаму не пакідаюць у спакоі мяне? Баяцца мяне, ці што? Або працягваюць падманваць Лукашэнку, кажучы яму, што яшчэ з 2009 года ў гэтага Аўтуховіча дзе прыхаваныя грузавікі са зброяй. Дык гэта ж не іголка ў стозе сена… Хопіць ужо страшыць прэзідэнта”.
Нагадаем, прэвентыўны нагляд над Мікалаем Аўтуховічам Ваўкавыскі раённы суд скасаваў 17 ліпеня. А 5 жніўня Гарадзенская абласная судовая калегія скасавала пастанову раённага суда. На другі дзень у Ваўкавыску адбыўся паўторны працэс, на якім нагляд Аўтуховічу быў працягнуты яшчэ на паўгода. Трэба дадаць, што ў гэты дзень павінен быў скончыцца тэрмін ранейшага нагляду і Аўтуховіч пазбавіўся бы ўсіх абмежаванняў, звязаных з наглядам.