Выбары

Зміцер Дашкевіч: Для нас людзі, якія ўдзельнічаюць у прэзідэнцкай кампаніі, – ніхто

Пустыя ўчасткі на «выбарах» – галоўная зброя апазіцыі, мяркуе сустаршыня «Маладога фронту».

«Мы будзем супрацьстаяць усім кандыдатам, якія не выйдуць з выбарчай кампаніі. Усіх, хто гэтага не зробіць, прылічваем да карнай сістэмы Лукашэнкі», – такая заява напярэдадні вызвалення палітвязняў была размешчаная на сайце моладзевай арганізацыі «Малады фронт».

У інтэрв\’ю «Белсату» лідар «маладафронтаўцаў» Зміцер Дашкевіч распавядае, як змянілася пазіцыя арганізацыі пасля вызвалення “палітычных”.

З ягоных слоў, пасля вызвалення палітвязняў удзельнічаць у выбарах проста глупства.

«Раней прэтэнзіі можна было прад\’яўляць з маральнага пункту гледжання (таму што гэта было свінствам), але цяпер такіх прэтэнзій не прад\’явіш. Аднак тыя людзі, якія балатаваліся, ніяк не адрэагавалі на гэтую заяву, што сведчыць пра тое, хто яны такія.

Асабіста для мяне стратэгіі ўсіх кандыдатаў былі непрымальныя. Хтосьці спрабуе падлашчвацца з Лукашэнкам, што мы ўжо неаднаразова назіралі ў гісторыі дэмакратычнага руху Беларусі, хтосьці з самага пачатку кампаніі заяўляў, што ён не супраць рэжыму. Для нас усе гэтыя людзі – ніхто, і пры такім раскладзе, які назіраем цяпер, марнаваць свае сілы на выказванні або агітацыю супраць іх – толькі ліць ваду на млын гэтых кампаній, чаго, магчыма, яны і хочуць. Вынікі кампаніі-2015 падвядуць рысу пад гэтымі палітыкамі, як ужо было ў 2010. Тое ж самае будзе і цяпер. Цяпер яны пачнуць надзімаць шчокі, нешта сабе прыдумляць, але ўсё стане на свае месцы», – заявіў Зміцер Дашкевіч.

Большасць актывістаў «Маладога фронту» схіляюцца да ідэі байкоту выбараў.

«Мала каму і што зразумела: хто ў лес – хто па дровы. Адны кажуць: «мы застаёмся не пры справе», іншыя – «байкот!», трэція – “не ўдзельнічаем самі або здымаемся на карысць Статкевіча», чацвёртыя – за байкот гэтых выбараў, але за новыя са Статкевічам. І ў чым тут розніца – мне самому цяжка разабрацца. Пазіцыя «застацца не пры справе» і пустыя ўчасткі – адзіная зброя, як мне здаецца, якая магла быць сёння ў дэмакратычнай апазіцыі. Ці зможам мы выкарыстоўваць гэтую зброю – паглядзім, але ў мяне няма ілюзій на гэты конт», – адзначыў палітык.