Выбары

Мікалай Статкевіч запрашае на пікет ля ГУМа 10 верасня

Экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Мікалай Статкевіч запрашае на пікет 10 верасня а 18 гадзіне перад галоўным уваходам у ГУМ.

Пра гэта Мікалай Статкевіч заявіў у інтэрв\’ю «Радыё Свабода».

«10 верасня а 18 гадзіне я буду праводзіць пікет ля ГУМа з нагоды пачатку агітацыйнай кампаніі. Пікет з патрабаваннем нармальных свабодных выбараў. Запрашаю да ўдзелу ў гэтым пікеце ўсіх, хто падтрымлівае пазіцыю, аналагічную маёй. Прыходзьце з ацэнкамі гэтых кшталту кандыдатаў, з плакатамі або без іх. Калі Лукашэнка сапраўды хоча гэтай легітымнасці, то хай не перашкаджае нам рэалізоўваць нашае канстытуцыйнае права на свабодныя і мірныя сходы. Калі будуць хапаць, лавіць, саджаць – хай развітаецца са сваёй легітымнасцю.

Я запрашаю на гэтае мерапрыемства прадстаўнікоў доўгатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЕ. Паглядзім, што будзе далей», – заявіў палітык.

28 жніўня на супольнай прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў апазіцыі Мікалай Статкевіч заявіў, што«выбары ўжо сфальсіфікаваныя». Сёння ён паведаміў пра свае далейшыя крокі і дачыненні да прэзідэнцкай кампаніі 2015 года:

«На сваёй прэс-канферэнцыі мы назвалі нашу галоўную мэту, за якую мы будзем змагацца ў больш шырокіх часовых рамках, чым гэтая прэзідэнцкая кампанія. Гэта ўсеагульныя дэмакратычныя выбары з удзелам нармальных кандыдатаў. Сёння нам прапануюцца псеўдавыбары, у якіх удзельнічае чалавек, якога я ўважаю за злачынцу, і ягоныя фіктыўныя канкурэнты. Выбіраць няма з каго. Выбары мы саступілі, іх ужо няма».

Статкевіч заяўляе, што разам з паплечнікамі збіраецца выкарыстоўваць магчымасці, якія дае агітацыйны перыяд, каб «дасягнуць свабодных дэмакратычных выбараў з выкарыстаннем механізмаў выбарчай кампаніі і магчымасцяў, якія дае Выбарчы кодэкс».

«Галоўная з мэтаў – гэта праца з грамадствам, каб яно ведала, што выбары несапраўдныя. Фактычна – дэлегітымізацыя выбараў у вачах грамадства, каб людзі ведалі, што прэзідэнт несапраўдны і патрэбныя нармальныя выбары, – гаворыць Мікола Статкевіч. – Наступнае – гэта дэлегітымізацыя ў вачах міжнароднай супольнасці. Каб мы ў нашай далейшай барацьбе за свабодныя выбары маглі спадзявацца на іх падтрымку і каб не здарылася такой крайняй сітуацыі, калі нібыта міжнародны легітымны прэзідэнт здае нашу незалежнасць Расеі праз праблемы ў эканоміцы».

Статкевіч кажа, што гэтую кампанію трэба выкарыстоўваць, «каб пашырыць прастору свабоды ў грамадстве».

«Па-першае, знізіць страх у грамадстве, па-другое – адваяваць сабе фізічную прастору, – тлумачыць палітык. – Бо акцыя на Бангалоры ўжо раскоша. Каб і грамадства прызвычаілася, і ўлада звыкла, што ў грамадзян ёсць права на мірныя сходы і ім трэба карыстацца».

Статкевіч мяркуе, што ў выніку найбліжэйшых дзеянняў у апазіцыі павінна ўтварыцца новае дзейнае ядро. Цяпер, кажа ён, частка апазіцыі «страціла волю да барацьбы».

«Звычайна падаецца: выбараў няма, а я паўдзельнічаю, Пагрэюся, рэйтынг падыму. А калі мне пасаду прапануюць, то я туды пайду… Людцы! Вы што?! Гэтая ўлада нелегітымная – гэта значыць, яны ва ўладзе незаконна, яны злачынцы. А вы збіраецеся з імі ў гульні гуляць, – кажа Статкевіч. – Мы спадзяемся, што ў выніку гэтай кампаніі ўсё ж утворыцца ядро апазіцыі, якое будзе зноў рэальна змагацца за перамогу, за дэмакратычныя выбары».