Навіны

Станіслаў Шушкевіч: Лукашэнка будзе толькі павялічваць «інфляцыйны падатак» на беларусаў

Эканамічны крызіс у Беларусі не падштурхне ўладу да рэформаў – наадварот, рэпрэсіі будуць узмацняцца.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у інтэрв\’ю charter97.org ацаніў эканамічныя і геапалітычныя ўмовы, у якіх беларуская ўлада ідзе на «выбары».

– Перад гэтымі «выбарамі», у адрозненне ад мінулых кампаній, беларускія ўлады адмовіліся ад сацыяльнай рыторыкі: не абяцанняў аб зарплаце ў 1000 даляраў і таму падобнага. Як вы гэта пракаментуеце?

– Дастаткова толькі аднаго паказчыка – курсу беларускага рубля – каб зразумець, што адбываецца. Гэта азначае, што ў Аляксандра Лукашэнкі ўжо няма грошай. Відавочна, што і Расея не знаходзіць сродкаў для ягонай падтрымкі: у яе цяпер іншыя праблемы.

У далейшым Лукашэнка будзе толькі павялічваць «інфляцыйны падатак» – гэты бясконцы «падатак» улады, які ўвесь час плаціць беларускі народ. Ніякіх надзей на тое, што адбудзецца рэфармаванне эканомікі, няма. Буйныя прадпрыемствы працуюць на страту і на няпоўным працоўным тыдні.

Гэта не абавязкова азначае, што крызіс падштурхне ўлады да нейкіх пераменаў – не. Ціск на грамадства будзе толькі ўзмацняцца, а дзяржаўная прапаганда паспрабуе «растлумачыць», што крызіс адбываецца праз іншыя прычыны, а не праз віне ўлады.

– А як вы можаце ацаніць той факт, што напярэдадні «выбараў» былі дасягнутыя пагадненні аб размяшчэнні ў Беларусі «мірнай вайсковай» расейскай базы?

– Для мяне няма ў гэтым ніякай навіны. Расейскія вайскоўцы робяць у нас, што хочуць. АДКБ фактычна дае «дабро» ім на гэта: рабіце ў нас, што хочаце. Лукашэнка цяпер не робіць гучных заяў з гэтай нагоды, але ён «абараняе» ад NATO расейскія межы.

Расея здзяйсняе ў Беларусі ўсё, што хоча. Фактычна, усе палітычныя пазіцыі здадзеныя на карысць Расеі. Як калісьці заяўляў расейскі амбасадар – «што Расея захоча, то яна тут і атрымае».