Следчы камітэт адмовіўся спыняць справу супраць Міхалевіча за Плошчу
Управа Следчага камітэта ў горадзе Менску адмовіла ў хадайніцтве Алеся Міхалевіча аб спыненні крымінальнай справы супраць яго.
Палітык падаў сваё прашэнне паралельна з вяртаннем у Беларусь, паведамляе «Радыё Рацыя».
Алесь Міхалевіч застаецца апошнім чалавекам знезакрытай крымінальнай справай у падазрэнні ў дачыненні да «масавых беспарадкаў», якія нібыта адбыліся ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
Палітыка затрымалі пасля акцыі пратэсту, але вясной 2011 года выпусцілі з турмы пад падпіску аб нявыездзе. Пазней ён заявіў, што ў турме КДБ яго катаваннямі прымусілі пагадзіцца на сакрэтнае супрацоўніцтва са спецслужбай. Праз некаторы час пасля сваіх выкрыццяў Алесь Міхалевіч пакінуў Беларусь. Вярнуўся ён у верасні 2015-га пасля вызвалення беларускіх палітвязняў.