Навіны

Лукашэнка пастаўляе зброю і рэжыму Асада, і сірыйскім паўстанцам

700 магутных процітанкавых ракет для сірыйскіх паўстанцаў былі набытыя ў Беларусі за грошы амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў.

Пра гэта гаворыцца ў расследаванні журналістаў BuzzFeed (аднаго з найбуйнейшых амерыканскіх навінавых парталаў). Паводле звестак выдання, Пентагон закупляе зброю для паўстанцаў праз малюсенькую, малавядомую прыватную кампанію Purple Shovel LLC, піша «Беларускі партызан».

Такім чынам, ЗША парушылі сваю ўласную палітыку і далі Purple Shovel LLC адабрэнне на куплю«высокатэхналагічных ракет з Беларусі, дыктатуры, якая знаходзіцца пад санкцыямі з боку Еўрапейскага Звязу», піша BuzzFeed.

Справа ў тым, што Дзярждэп ліцэнзуе кожную ўгоду з удзелам амерыканскіх кампаній і ёсць спіс краін з абмежаваннямі ў гандлі зброяй, у які ўваходзіць і Беларусь.

«Беларусь, якую абвінавачваюць у парушэннях правоў чалавека, як правіла, закрытая для амерыканскіх гандляроў зброяй. Але вайскоўцы ЗША і Дзяржаўны дэпартамент пагадзіўся зрабіць выключэнне, дазволіўшы за сродкі амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў закупіць 700 магутных процітанкавых ракет «Конкурс» для паўстанцаў» – адзначае выданне.

BuzzFeed таксама нагадвае, што Беларусь, разам з Расеяй, Іранам і Паўночнай Карэяй з\’яўлялася найбуйнейшым прадаўцом зброі рэжыму Башара Асада з 2006 да 2010 года.

Супрацьтанкавыя ракеты «Конкурс» здольныя паражаць цэлі на адлегласці да 4 км. Яны могуць прабіць браню да 250 мм таўшчынёй, што робіць іх эфектыўнай зброяй супраць танкаў. «Конкурс» распрацавалі ў СССР у пачатку 1970-х, але мадыфікацыя «Конкурс-М» прынятая на ўзбраенне параўнальна нядаўна – у 1991 годзе. Такія ракеты вырабляюцца, у тым ліку, у Індыі і ў Іраку.