Эдуард Лобаў: Калі не дапаможам украінцам, наступная вайна будзе ў нас
Былы палітвязень праходзіць службу ў адным з падраздзяленняў недалёка ад Марыупаля.
«Я асабліва не баюся па адной простай прычыне: рана ці позна смерць нагоніць кожнага. Яшчэ няма такога чалавека, да каго яна не прыйшла», – кажа Эдуард Лобаў.
Раней хлопец служыў у мабільных войсках у Беларусі. Пазней стаў сустаршынёй «Маладога Фронту». Яшчэ пазней быў асуджаны на 4 гады (у 2011-м), паведамляе «Белсат».
Эдуард мяркуе, што веды, атрыманыя падчас службы ў беларускім войску, дапамагаюць яму і цяпер, але ён пастаянна ўдасканальваецца:
«Дастаткова ў вайсковай падрыхтоўцы ніколі не бывае, яна пастаянна патрабуе шліфоўкі. Колькі б ты ні ведаў у вайсковай справе, увесь час ты будзеш пазнаваць нешта новае. Таму прыйсці да канчатковага выніку навучання проста немагчыма».
Ва Украіне Эдуард Лобаў ваюе як добраахвотнік з лета 2015 – «супраць Расеі і за свабоду ўкраінцаў». Зараз праходзіць службу ў адным з падраздзяленняў недалёка ад Марыупаля. Спадзяецца, што ў выпадку неабходнасці зможа выкарыстаць атрыманыя навыкі падчас абароны Беларусі.
«Беларусы змагаюцца тут за незалежнасць Украіны, але справа ў тым, што калі мы не дапаможам украінцам адваяваць незалежнасць тут, то наступная вайна будзе ў нас. Калі мы будзем дапамагаць украінцам, то можна будзе разлічваць на іх дапамогу ў нашай вайне», – тлумачыць свой удзел у баявых дзеяннях Эдуард Лобаў.