Вячаслава Сіўчыка будуць судзіць за лозунгі «Жыве Беларусь» і «Слава героям»
На кіраўніка руху салідарнасці «Разам» заведзеная адміністрацыйная справа за ўдзел у вулічнай акцыі 23 верасня.
Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) быў складзены маёрам Дзмітрыем Шантырам, сказаў БелаПАН Сіўчык пасля таго, як увечары 1 кастрычніка наведаў Цэнтральны РУУС Менска.
У дакуменце адзначаецца, што 23 верасня на плошчы Свабоды Сіўчык «узяў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні, падчас якога выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Слава героям!», чым, на думку міліцыі, «парушаў устаноўлены парадак правядзення пікетавання».
«Я напісаў, што з пратаколам нязгодны, – заявіў кіраўнік руху салідарнасці «Разам». – Акрамя таго, у пратакол не быў унесены спіс матэрыялаў, якія прыкладаюцца да справы. Пасля таго, як я гэта напісаў, міліцыянт прыклаў рапарт і тры пратаколы апытання сведак. Рапарт не паказаў, я ўбачыў толькі складзеныя пад капірку пратаколы апытання – без звестак супрацоўнікаў, якія іх пісалі. Гэта значыць, гэта руціннае парушэнне беларускага заканадаўства з боку міліцыі, да якога за 20 гадоў усё ўжо звыклі».
«Я адразу сказаў, што ніякіх тлумачэнняў даваць не буду, бо не бачу ў гэтым сэнсу», – дадаў Сіўчык.
Нагадаем, 30 верасня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску за ўдзел у вулічных акцыях 10, 16 і 23 верасня былі аштрафаваныя Мікалай Статкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар створанага грамадскага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў, а таксама лідар Аб\’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і актывіст АГП Мікалай Казлоў.