Мікалай Статкевіч: Лукашэнка выставіў незалежнасць Беларусі на гандаль
Заявы дыктатара пра тое, што расейскай авіябазы ў Беларусі не будзе – хлусня.
Былы кандыдат у прэзідэнты і палітвязень Мікалай Статкевіч сказаў у інтэрв\’ю «Радыё Свабода», што Аляксандр Лукашэнка пачынае чарговы гандаль.
«Гаворка пра гэта [пра авіябазу] ішла, – заявіў ён. – Нават у турме я пра гэта чытаў, пра заявы расейскіх вайскоўцаў. Прыязджаў нават міністр абароны Расеі ледзь не для таго, каб выбраць месца пад гэтую базу. Гэта значыць размовы вяліся. Так што спадар Лукашэнка хлусіць, калі заяўляе, што ніколі пра гэта гаворка не вялася.
Чаму ён цяпер робіць выгляд, што пра гэта не гаварылася? Па-першае, таму што цяпер выбары. Хоць яны гэтыя галасы і не лічаць, але ён не хацеў выклікаць у людзей больш негатыву. Каб людзі не мелі дадатковай прычыны выходзіць на акцыі пратэсту.
Па-другое, ён мае надзею атрымаць прызнанне выбараў з боку Захаду, таму не хацеў бы цяпер палохаць Захад.
Па-трэцяе, калі гэты чалавек нешта прадае, ён заўсёды падымае кошты. Значыць, незалежнасці паўстала пагроза, яна выстаўлена на гандаль. Проста гэта такі спосаб гандлю. Цяпер «выбары» пройдуць, і потым высветліцца, што гаворка ішла, што пастанова прымаецца. І невядома толькі дакладна, што ён за гэта возьме».
Са слоў Мікалая Статкевіча, грамадства ўстрывожанае планамі размяшчэння расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі, і «гэта не дадае папулярнасці спадару Лукашэнку».