Мікалай Статкевіч заўтра запрашае на акцыю памяці
Акцыя пройдзе 29 кастрычніка ля будынка КДБ у Менску. Пачатак – а 18.30.
Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былы палітвязень Мікола Статкевіч.
«29 кастрычніка на праспекце Незалежнасці каля будынка КДБ у Менску а 18:30 пачнецца акцыя «Ланцуг памяцi», – нагадвае палітык. – Мэта акцыі – нагадаць пра злачынствы сталінізму супраць беларускага народа і спыніць новыя злачынствы сучасных пераемнікаў катаў з НКВД. Вельмі важна шанаваць памяць ахвяр рэпрэсій. Але, калі мы будзем баяцца нават прыйсці са свечкамі да месцаў, дзе іх катавалі і асуджалі, то будуць з\’яўляцца новыя пахаванні».
Мікалай Статкевіч звярнуўся да чытачоў з просьбай браць з сабой толькі свечкі або лампадкі.
«Не бярыце з сабой ніякіх сцягоў ці плакатаў. Прыносьце толькі свечкі або лампадкі. Калі не маеце іх, то на месцы што-небудзь прыдумаем. У прадстаўленні цывілізаваных краін, з якімі так стараецца дамовіцца Лукашэнка, чапаць чалавека са свечкай – поўнае дзікунства. Не дазволім з\’явіцца новым ахвярам і новым катам», – напісаў ён.