Актуальна

Лябедзька пра перамовы з Лукашэнкам: калі гэты плян не спрацуе, у нас ёсьць плян Б

Апазыцыйныя беларускія палітыкі прапанавалі Эўразьвязу “дарожную мапу”, выкананьне якой павінна стаць абавязковай умовай для поўнага скасаваньня санкцыяў супраць беларускіх уладаў.

Учора Euobserver паведаміў, што Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч ў адкрытым лісьце да кіраўніцтва ЭЗ прапанавалі перазапусьціць перамовы за «круглым сталом» паміж уладай і апазыцыяй, закансэрваваныя ў 1999 годзе.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пацьвердзіў Радыё Свабода, што апазыцыйныя палітыкі сапраўды падпісалі гэты зварот. Ён быў складзены 29 кастрычніка — у дзень, калі ЭЗ прыпыніў на чатыры месяцы санкцыі супраць Лукашэнкі і яго атачэньня.

Лябедзька падкрэсьліў, што зварот быў складзены «не для інфармацыйнай хвалі, а для чарнавой працы»:

«Тое, што мы прапанавалі, можна назваць дарожнай мапай. Эўразьвяз агучыў, што ён замарожвае санкцыі, але не прагучала, што ў гэты час пажадана, каб адбылося ў Беларусі. Калі б гэта было агучана Брусэлем, то, відаць, не было б неабходнасьці ў нашым звароце. Там ёсьць тры крокі, яны ўзаемазьвязаныя, і, натуральна, трэці крок не магчымы бязь першага — такая лягістыка. А першы крок самы галоўны — гэта зьмяненьне выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. Зрабіць гэта можна да канца бягучага году, за 6 месяцаў да пачатку парлямэнцкай кампаніі. Гэта пытаньне датычыць больш чым 7 мільёнаў выбарцаў у Беларусі — ім трэба вярнуць права выбару. Вось гэта першы і самы галоўны крок», — падкрэсьлівае ён.

Наступны крок павінен быць зьвязаны зь перамоўным працэсам, кажа Лябедзька:

«Другі крок — гэта пашырэньне прасторы свабоды. І для гэтага, мы лічым, патрэбен такі перамоўны працэс. Мы вярнуліся да досьведу, які быў зьвязаны зь дзейнасьцю місіі АБСЭ. Тады была зразумелая пляцоўка. Можна па-рознаму ставіцца да спадара Віка, але трэба прызнаць, што з удзелам місіі быў арганізаваны перамоўны працэс. Былі два бакі (апазыцыя і ўлада), быў пасярэднік (арганізацыя АБСЭ), быў парадак дня з канкрэтнымі пытаньнямі (выбары паводле стандартаў АБСЭ, доступ апазыцыі да масмэдыя) і была праца. Былі нават зафіксаваныя пэўныя посьпехі, былі парафіраваныя некаторыя дакумэнты. Таму нельга пачынаць працу з нуля, трэба пачынаць з таго, што мы ўжо нейкую дыстанцыю прайшлі. Вось гэты крок — гэта тое, што вы называеце „круглы стол“, але ён ідзе ў зьвязку з тым, як у Беларусі пашырыць прастору свабоды», — тлумачыць лідэр АГП.

Трэці крок, як тлумачыць Лябедзька, гэта непасрэдна сама парлямэнцкая кампанія 2016 году. «Калі ўсе гэтыя тры крокі зробленыя, то тады, на наш погляд, лягічна ставіць пытаньне аб скасаваньні візавых і кропкавых фінансавых абмежаваньняў. Вось пра гэта якраз сказана ў звароце, які мы насамрэч накіравалі кіраўніцтву Эўразьвяза і Эўрапарлямэнту», — кажа ён.

На думку Лябедзькі, пасьлядоўнасьць гэтых крокаў павінна быць менавіта такая.

«Па-іншаму мы не пасьпяваем проста. Парлямэнцкая кампанія пачнецца хутчэй за ўсё ў чэрвені. Мы зыходзілі з таго, што ёсьць сэсія так званай Палаты прадстаўнікоў, яна будзе ў лістападзе, і можна прыняць зьмены ў выбарчае заканадаўства, бо яны ёсьць, яны падрыхтаваныя. Гэта можна прыняць за 20 хвілінаў, бо за 30 хвілінаў у нас прымаецца бюджэт краіны. А калі зроблены гэты крок, то ёсьць пэрспэктыва і наступных», — лічыць палітык.

Упэўненасьці ў тым, што беларускія ўлады пагодзяцца на тыя ўмовы, якія прапаноўвае апазыцыя, у Лябедзькі няма:

«Мы таксама не марсіяне, мы разумеем, у якой краіне мы жывем. Мы аддаем належнае ўсім — і сабе, і ўладзе, і міжнароднай супольнасьці. Таму калі гэты плян не спрацуе, у нас ёсьць плян Б. Але пакуль мы спрабуем гаварыць пра плян А — тым больш, што мы бачым пэўную заангажаванасьць эўрапейскіх структураў. Мы ў прынцыпе дапамагаем ім сфармуляваць тое, што яны мусілі самі зрабіць, калі агучвалі гэтае рашэньне», — падкрэсьлівае старшыня АГП.

Удакладніць, што ён мае на ўвазе пад «плянам Б», Лябедзька адмовіўся:

«Плян Б — гэта, відаць, крыху пазьней, калі стане зразумела, напрыклад, што з гэтага нічога не атрымліваецца, і ўсё будзе, як заўсёды. Тады ў нас будзе плян Б».

ІК, Радыё Свабода