Актуальна

Мікалай Статкевіч пра журналістыку, аналітыку і сацыялогію пры дыктатуры

Навошта разумныя людзі раскручвалі марыянетачных кандыдатаў на «выбарах»?

Пра гэта лідар апазіцыі і былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў галоўнай рэдактарцы сайта charter97.org Наталлі Радзінай.

– Мікалай Віктаравіч, як вядома, журналісты ў Беларусі знаходзяцца пад велізарным ціскам, асабліва пасля 2010 года. У нядаўнім інтэрв\’ю вы ўвогуле заявілі: «Няма чаго граху таіць – не можа быць у Беларусі незалежных сродкаў масавай інфармацыі». Няўжо ўсё так дрэнна?

– Спачатку хачу адзначыць, што большасць беларускіх незалежных журналістаў – мужныя людзі, прафесіяналы, якія сумленна робяць сваю працу ў вельмі складаных умовах. Мая ім павага. Тым больш я ім абавязаны. У турме я мог атрымліваць нейкую інфармацыю, нават бачыць сваё прозвішча ў газетах. Я ўяўляю чаго гэта каштавала.

Але цяпер, на волі, мне неаднаразова даводзілася слухаць скаргі журналістаў: «Мы ставім матэрыял пра вас, а рэдактар здымае». Ці нават: «Я паставіў матэрыял пра вас, а мяне выклікалі…».

Асвятленне СМІ гэтых нібыта выбараў, і нібыта альтэрнатыўных кандыдатаў, фіктыўных апанентаў Лукашэнкі, было часткай спецаперацыі, арганізаванай уладамі. Лукашэнка не дазволіў бы, каб у «выбарах» удзельнічаў рэальна апазіцыйны кандыдат, які б абавязкова паклікаў людзей на плошчу. Дыктатар мала таго, што зрабіў усё, каб не было такіх кандыдатаў, каб усё было спакойна, як на могілках, дык яшчэ правёў гэтую аперацыю. Было міжнароднае прыкрыццё, каб дэмакратычныя кандыдаты не атрымалі фінансавання, была інфармацыйная кампанія ўнутры краіны.

– Што вы маеце на ўвазе, кажучы пра «інфармацыйную кампанію»?

– Я думаю, што і журналісты, і рэдактары цудоўна разумелі, што за кандыдаты ўдзельнічаюць у гэтых «выбарах». Яны разумныя людзі – ведаюць, што адбываецца, хто рэальна стаіць за так званым «апазіцыйным» кандыдатам Караткевіч, хто ёю кіруе. Чалавек, які прызнаваўся сваім калегам, што ў яго ёсць куратар у органах. Яны ўсё гэта ведаюць, але тым не менш рабілі выгляд, што ўсё па-сапраўднаму.

Думаю, што ёсць ціск на рэдактараў. Вось у чым справа.

– А што яны могуць зрабіць, калі КДБ цісне?

– Трэба проста шчыра нагадваць чытачам: мы не можам казаць вам усё, таму што нас тады не будзе, мы наогул страцім магчымасць працаваць. І калі яны не могуць гаварыць і пісаць усё, дык хаця б не трэба рабіць тое, што ім указваюць. Нельга фармаваць ілжывую карціну свету. Таму што ў час гэтай кампаніі медыя паспрабавалі адлюстраваць спектакль, як нешта сапраўднае.

– Толькі медыя адлюстравалі?

– Напэўна, гэта тое, што называецца наўмысным увядзеннем у зман. Але я кажу не толькі пра медыя. Медыя бог з імі – трэба офіс захоўваць, трэба ў друкарні друкавацца. Ёсць яшчэ аналітыкі, у якіх ручка, нататнік, кампутар.

– А якую ролю яны згулялі?

– Смешная сітуацыя: людзі глыбакадумна разважаюць пра палітычныя перспектывы і дзеянні марыянетачных фігур, ведаючы (яны ж не дурні), што гэта марыянеткі. Навошта яны гэта робяць? Якія матывы? Што іх падштурхнула? У мяне няма гатовых адказаў на гэтыя пытанні. Але, напэўна, грамадству пара задавацца гэтымі пытаннямі.

Мяне забіла адна фраза. Псеўдакандыдат у прэзідэнты выступае, а аналітык заяўляе: «Сёння нарадзіўся новы палітык». Гэта ж кандыдат у прэзідэнты, яго месяц таму зарэгістравалі, а ён толькі сёння нарадзiўся! Спачатку палітык нараджаецца, падымаецца па нейкай палітычнай лесвіцы – кіраўнік нейкай арганізацыі, дэпутат мясцовага савета, кіраўнік абласной арганізацыі, член бюро або камiтэту, старшыня партыі – і толькі потым становіцца кандыдатам. А тут: спачатку кандыдат, а потым нарадзіўся. Для нармальнага чалавека, нават не аналітыка, адразу відаць неадпаведнасць. А як жа так здарылася, што не палітык стаў кандыдатам? Хто яго зрабіў кандыдатам? За якія заслугі? З якой мэтай? Паважаны аналітык гэтага не кажа.

Калі гэта пачуў, падумаў: улада амаральная, гідкая, атручвае ўсё вакол і прымушае інтэлігентных, прыстойных людзей рабіць непрыстойныя ўчынкі.

– Многія аналітыкі спасылаюцца на звесткі сацыялогіі.

– Якая сацыялогія, калі сацыёлаг прыходзіць да рэспандэнта і пачынае пытацца: як вы ставіцеся, давяраеце ці не давяраеце Лукашэнку? Уяўляеце, наколькі магчымы праўдзівы адказ у запалоханай краіне?

Казаць аб сацыялогіі ў Беларусі можна вельмі адносна. Ёсць рэйтынг страху, і калісьці некаторыя сацыялагічныя службы яго вымяралі. Раней ён быў 5-7%, зараз, вядома, павялічыўся і можна казаць пра 10%.

Акрамя таго, ёсць рэйтынг страху саміх сацыёлагаў. Яны ж таксама пад артыкулам ходзяць. Я дастаткова даўно ў грамадскай дзейнасці і памяць у мяне добрая. Магу ўспомніць, як мінімум, тры выпадкі, калі ціск аказваўся персанальна на кіраўніка адной сацыялагічнай службы або на саму гэтую службу. Звальнялі з працы, з універсітэта, забаранялі арганізацыю. Маглі артыкул за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі распачаць.

Кожны раз, калі пачыналіся рэпрэсіі, гэты «мужны» чалавек тут жа неадкладна праводзіў сацыялагічнае апытанне. І гэта апытанне заўсёды паказваў раптоўны рост рэйтынгу Лукашэнкі на 5%.

Я далёкі ад думкі, што насамрэч адбыўся сацыялагічны цуд. Значыць, тады рэйтынг страху сацыёлагаў складаў 5%. Цяпер, напэўна, больш.

Уявіце такую сітуацыю: я ў «амерыканцы», на галадоўцы пасля 19 снежня 2010 года, ляжу, заходзіць у камеру начальнік СІЗА палкоўнік Вараб\’ёў, калі не памыляюся.

– Арлоў.

– Арлоў або Вараб\’ёў. Я яго пастаянна Вараб\’ёвым называў – бо ён бліжэй да сямейства вераб\’іных. І вось палкоўнік кажа: вось вы заявілі на плошчы, што па экзіт-пулам за Лукашэнку 37%. А экзіт-пул быў праведзены на замову адной арганізацыі, якая адмовілася потым ад гэтага, таму што ёй яшчэ жыць і працаваць. Але апытанне было праведзенае і паказала 37%. Гэта блізка да рэалій. Тады яшчэ нейкі рост узроўню жыцця быў.

І вось у турме Арлоў нешта набірае на мабільным тэлефоне і паказвае: у Лукашэнкі 51% падтрымкі. Я лежачы кажу: «Адбярыце рэйтынг страху рэспандэнта, рэйтынг страху сацыёлага і атрымаецца тыя ж 37%».

Краіна напалохана, людзі збітыя, пасаджаныя, а ў гэты час сацыялагічная служба «мужна» праводзіць сацыялагічнае апытанне, нягледзячы ні на што. За гэты саджаюць, кіраўнік адной сацыялагічнай арганізацыі наогул уцёк з краіны, а іншая працуе. Можа, для таго, каб прыйсці да паслоў, дыпламатаў і ў турмы і сказаць: «Глядзіце, ён перамог». Іншага тлумачэння я не знаходжу.

– Усім палітвязням прыносілі ў камеру СІЗА КДБ звесткі НІСЭПД пра тое, што Лукашэнка нібыта набраў 51 адсотак.

– Для гэта і рабілася. Усе заціснута, усё, што варушыцца – душыцца, а гэтыя мужныя людзі праводзяць сацапытанне. З якой мэтай? Хто дазволіў? Чаму кагосьці не рэпрэсавалі, калі мы ведаем, што адзін з сацыёлагаў хаваўся за мяжой? Вось гэта – цана сацыялогіі. Але няхай яны жывуць, няхай працуюць, хай збіраюць свае звесткі.

Але, зноў жа, трэба шчыра казаць: «Улічвайце рэйтынг страху рэспандэнта». Можна пра свой не гаварыць і, калі ўжо страшна, шаптаць на вуха: «адымае 12%». Акрамя таго, мы ўжо ведаем ад некаторых сацыёлагаў, што ўмовай працы ў нашай краіне з\’яўляецца публікацыя персанальных рэйтынгаў палітыкаў толькі з ведама адміністрацыі Лукашэнкі.

– Дзякуй за інтэрв\’ю.

– Вам дзякуй, што далі магчымасць выказацца.

Хартыя\’97